Рэпартаж з пятлёй на шыі

08/09/2006

Сённьня — Дзень салідарнасці журналістаў.

На Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў, бадай, ніхто з калегаў не забывае ўзняць тост. А ці кожны памятае вытокі гэтай каляндарнай даты?
Наўмысна пазбягаю слова «свята». Хутчэй гэта мемарыяльны дзень. Ён абраны ў 1958 годзе кангрэсам Міжнароднай арганізацыі журналістаў на знак памяці пра загіблага ў фашыстоўскай катавальні Юліуса Фучыка.
Мы не проста ўшаноўваем подзвіг нязломнага публіцыста, аўтара слыннага «Рэпартажу з пятлёй на шыі». Пафас Міжнароднага дня салідарнасці журналістаў скіраваны супраць любых рэпрэсій, якія, на жаль, і сёння абрынаюцца на людзей адной з самых небяспечных гуманітарных прафесій. Каб цвярдзей супрацьстаяць цемрашалам, нам варта шчыльней гуртавацца.

Беларусь, паводле свежага дакладу праваабарончай організацыі «Фрыдам Хаус», фігуруе ў ліку самых рэпрэсіўных краінаў свету — побач з Гаіці, Зімбабве, Кітаем, Кубай, Лівіяй, Паўночнай Карэяй, Суданам, Туркменістанам, Узбекістанам, Эрытрэяй…

Заўважце: іншых еўрапейскіх дзяржаў у пераліку няма. Беларусь — сапраўды «чорная дзірка» кантынента, адметнага панаваннем дэмакратычнага ладу. Тутэйшыя ўлады здабылі сабе герастратаву славу ўжываннем адмысловага арсеналу задушэння вольнага слова — ад пагібельных для выданняў штрафаў да адпраўкі журналістаў на «хімію».
Гэты арсенал не зачахлёны і па сёння. Таму беларускія незалежныя журналісты працягваюць пісаць свае рэпартажы з метафарычнай (і то дзякуй богу!) пятлёй на шыі.

Тыя, хто піша не на загад вярхоў, адчуваюць, бы вяроўку на горле, пагрозу судовых пазоваў ад прадстаўнікоў высокага чынавенства. А таксама пагрозу быць збітым ці трапіць у пастарунак падчас гарачых вулічных падзеяў (што масава здаралася на выбары мінулай вясною). І нават пагрозу загрымець за краты паводле артыкулу аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.

Актывізаваліся і тыя групоўкі (або выкарыстальнікі іх брэнду), што, мусіць, нераўнадушныя да ідэйнай спадчыны катаў Юліуса Фучыка. Злавесныя лісты атрымалі не так даўно ў рэдакцыі «Витебского курьера М» і баранавіцкай газеты «Intex-press».

А тым часам былы міністр унутраных спраў на старонках выдання, арыентаванага на супрацоўнікаў МУС, заклікае засвоіць рацыянальнае зерне з «кодэксу гонару афіцэра», напісанага… Адольфам Гітлерам!
Але на гэта ў высокіх кабінетах — нуль увагі. Затое маракуюць, як спрытней прыціснуць рэшту непадкантрольных медыяў ды іх супрацоўнікаў. Незалежная журналісцкая супольнасць адсечана ад працэсу падрыхтоўкі зменаў у медыя-заканадаўства. Між тым з вуснаў чынавенства гучаць заявы, што наводзяць на трывожныя думкі. Напрыклад, пра намер «упарадкаваць» найболей вольную на сёння сферу Інтэрнэту. Як у нас умеюць «упарадкаваць», мы добра вывучылі на ўласнай скуры.

Што ж да прафесійнай салідарнасці, то гэта праблема сама па сабе складаная. Бо ў любой творчай супольнасці дзейнічае моцны канкурэнтны чыннік. «Уваткнуць кнот» — справа гонару.

Але ж у айчыннай журналістыцы найперш дзейнічае іншы чыннік — палітычны. І падзяляюцца працаўнікі нашага цэху не паводле таленту, а паводле прынцыпу лаяльнасці. Свежы прыклад такой палітыкі — правядзенне 3 верасня фестывалю кнігі і прэсы ў Паставах. Дзеячы пры пасадах палічылі, што недзяржаўным медыям там няма чаго рабіць. Як казаў герой Ільфа і Пятрова: «Кіса, мы з табой чужыя на гэтым свяце жыцця!».

Тым, хто працуе ў незалежнай прэсе, не варта, аднак, паддавацца барыкаднай псіхалогіі. Насамрэч у прафесійнай журналістыкі — агульныя крытэры. І ў дзяржаўных СМІ працуе шмат таленавітых, сумленных калегаў, якія цураюцца прапагандысцкага бруду. Зрэшты, тыя, хто ліжа пяткі начальству і топчацца па рэбрах ягоных непрыяцеляў, — таксама, прызнаем, адмыслоўцы, нават віртуозы. Толькі іншага профілю. Так што сённяшняя дата — не іх дзень.

А мы ўздымем келіхі за тое, каб не было ніякіх петляў на горле незалежнай прэсы.