Адбылася онлайн-канфэрэнцыя зь Сьвятланай Завадзкай

13/09/2006

Былы муж Сьвятланы Завадзкай, журналіст Зьміцер Завадзкі, зьнік 7 ліпеня 2000 года. Паводле беларускай апазыцыі і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, да гэтага маюць дачыненьне высокія беларускія службоўцы.

Сьвятлана Завадзкая – адна зь лідэраў арганізацыі “Мы памятаем”, у лютым 2006 года разам зь Ірынай Красоўскай яна была прынятая ў Белым Доме прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам.

З адукацыі Сьвятлана – мадэльер-канструктар жаночага адзеньня.

У інтэрвію "Свабодзе" Сьвятлана сказала:

"Можа, гэта будзе гучаць і банальна, але як дзіця, я веру ў добрых і шчырых людзей, што іх больш, і што на іх трымаецца сусьвет. Жадаю я пераменаў у маёй Беларусі, каб кіравалі ёю добрасумленныя людзі. Каб мой сын Юрась жыў у свабоднай краіне. І не баяўся, што калі ён прышпіліць бел-чырвона-белы значак, яго за гэта яго могуць звольніць з інстытуту. Вось у гэта я веру і гэтага жадаю".

 

Тэкст онлайн-канфэрэнцыi зь Сьвятланай Завадзкай на Радыё свабода:

[ 11/09/2006 16:46 ]
Прывiтанне Святлана! Хачу вас спытаць… Чаму вы і вашыя таварышы "па ідэі" (Халiп, Iвашкевiч, Сасiм i усё "пакаленне джынс") ствараеце культ з Дзён салідарнасці і асаблiва з "джынса" (маю на ўвазе фэст)? Канешне, салiдарнасць — гэта сьвятое,, але ж не на столькі…. Ці ведаеце вы, што "джынс" як сымбаль нашай рэвалюцыі не прымае ВЕЛЬМІ ВЯЛІКАЯ колькасць людзей! Фактычна , распаўсюджваннем ідэі "джынсавай рэвалюцыі" займаецца толькі не iснуючы рух ЗУБР. Выбачыце, але гэта яшчэ не пакаленне… Дарэчы, зараз гэта вельмi нагадвае акцыі БРСМа. Усе ж ведаюць, што "джынсавая рэвалюцыя" з трэскам правалілася… Так, менавіта ПРАВАЛIЛАСЯ! Нiякай рэвалюцыi "у галавах" не было. там быу толькi жах. Я не разумею, навошта адраджаць няўдалыя ідэі?!. Навошта дзейнiчаць метадамi рэжыма??… Спадзяюся, што пасля прыходу да ўлады дэм. сілау, нам не будуць кожныя пяць хвілін паказваць па тэлевізары нашых "герояў у барацьбе з рэжымам" і беларусаў не будуць сілком заклікаць паліць свечкі кожны месяц! ….спадзяюся….. Ну, у любым выпадку, Я За СВАБОДУ i колер маёй рэвалюцыi — БЕЛЫ! Дзякуй, з Днем салiдарнасьцi вас!

Добры дзень. Дзякуй за пытаньне.

Нягледзячы на тое, які колер рэвалюцыі хто прымае: Вы прымаеце БЕЛЫ, я прымаю БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ, нехта ДЖЫНСАВЫ… Але ў незалежнасьці ад таго, які колер мы выбіраем для ідэі, згадзіцеся, што перамены вельмі патрэбныя нашай Беларусі. А ставіць сьвечкі ці не, гэта права, а не абавязак, і прымусу тут ніякага ня мусіць быць.

Вы сьцьвярджаеце, што рэвалюцыя з трэскам правалілася. Я не магу з Вамі пагадзіцца. Стаўцеся да гэтага як да пачатку рэвалюцыі. На плошчы сярод тысячаў беларусаў была я, мой сын Юрась і шмат маіх блізкіх і сяброў. І туды нас прывёў ня колер, а імкненьне да пераменаў. І ў тых, хто знайшоў у сабе сілы прыйсьці туды, рэвалюцыя “ў галовах” ужо пачалася. Я лічу, што ў тыя дні быць на плошчы АБАВЯЗАНЫ былі ўсе сумленныя людзі нашае краіны – і гэта ня подзьвіг ці гераізм. Згодная з Вамі, што ня варта было прысвойваць рэвалюцыі імя "джынсавая", бо ў кожнага яна была свая. Але ў той жа час аб’ядноўвала нас салідарнасьць у імкненьні да пераменаў і да таго, што мы хацелі і хочам жыць у свабоднай краіне. І кожны цяпер, пасьля тых падзеяў, можа знайсьці нейкія хібы. Але я лічу, што варта шукаць у тых падзеях і ў сёньняшняй барацьбе ня тое, што нас разьядноўвае, а тое, што нас аб’ядноўвае. Таму менавіта й лёзунг Я ЗА СВАБОДУ стаўся агульным для ўсіх нас!

Не разумею, чаму Вы вырашылі, што мае таварышы “па ідэі” – гэта толькі Халіп, Івашкевіч, Сасім, пакаленьне джынс і неіснуючы ЗУБР… Яшчэ мае таварышы – Мілінкевіч, Хадыка, Арлоў, Шушкевіч, Вячорка, Калякін, Лябедзька, існуючы "Малады Фронт" і шмат іншых сумленных беларусаў. Я здольная падтрымаць любую здаровую ініцыятыву, але не бяздумна, а толькі тады, калі яна дапаможа нам усім наблізіць “Дзень пераменаў” і ні ў якім разе не раскалоць дэмакратычныя сілы.

 

[ 11/09/2006 18:54 ]
Сьвятлана, выказваю салідарнасьць з Вашым змаганьнем. І пытаньне. Ваш муж нейкі час працаваў аператарам у Лукашэнкі. Ці расквазваў ён што-небудзь пра яго як пра чалавека, якое ён (Лукашэнка) рабіў уражаньне "за кадрам"?

 

Добры дзень! Дзякуй за салідарнасьць.

Так, сапраўды, Дзіма працаваў апэратарам у Лукашэнкі ад 1994 да 1997 г. Але ж ведаеце, што тычылася яго прафэсійных абавязкаў, тут ён стараўся ні з кім не дзяліцца сваімі думкамі. Можа быць, таму, што сям’я для яго была сям’ёю, а праца – працаю, і тут ён вельмі выразна праводзіў мяжу. Адно дакладна памятаю, што калі Дзіма сыходзіў ад Лукашэнкі і я яго запытала, чаму, Дзіма адказаў: “Я не хачу, каб людзі мне плявалі ў твар”.
[ 11/09/2006 20:53 ]
Пытаньні да Святланы Завадскай: Паважаю мужнасьць вашага загінуўшага мужа, і вашу ў сувязі з тым пазыцыю. Улада сьвядома рыхтуе гвалтаўнікоў, катаў і забойцаў дзеля абароны сябе любімай, як была выразна прадэманстравана у выпадку з вамі падчас акцыі, а затым з цэлай калёнай моладзі, жанчын і старых пасьля выбараў. Ваш выпадак стаў вітрынай стаўленьня улады да апанэнтаў. Ці ўдалося высьветліць імя гэнага “героя”. Якія наступствы былі для яго і для вас? Дзед.
Прозьвішча таго “героя”, які мяне ўдарыў у твар – Давідовіч Ю.М., баец АМАПу, здаецца, сяржант. Ведаеце зараз бязь жарту да таго інцыдэнту нельга ставіцца. Таму што па матэрыялах справы гэта ня ён мяне біў, а я зьбіла двух АМАПаўцаў. Спачатку я нібыта біла АМАПаўца Марцінкевіча, а затым мне "пад раздачу" патрапіў і сам Давідовіч. І, як вырашыў суд Цэнтральнага раёну г.Менску, у той дзень, 7-га ліпеня 2005 году, супрацоўнікі АМАПу мяне і пальцам не чапалi.

А калі сур’ёзна, гэта быў сапраўдны жах. Бо сёньняшнія суды могуць апраўдаць любыя злачынствы ўладаў, якія б відавочныя яны ні былі. І далей наша судовая сыстэма становіцца ўсё горш і горш. Асаблівыя прыклады таму – судовыя працэсы над моладзьдзю пасьля сакавіцкіх так званых выбараў у прэзыдэнты.

 

[ 11/09/2006 20:53 ]
Зьнікненьне Завадскага прыпісваецца СОБРаўцу, кіраўніку паўфашысцкай арганізацыі РНЕ Ігнатоўскаму, які па іншых справах садзіць пажыцьцёва ў вязьніцы. Як вы ставіцеся да гіпотэзы, што ў сувязі зь небывалай актыўнасьцю РНЕшнікаў апошнім часам, загадкавымі акалічнасьцямі сьмерці дыпляматаў зь Літвы і Польшчы ён (Ігнатоўскі), можа, ужо зноў на волі? Дзед

Я ведаю дакладна тое, што сама чытала ў недзяржаўнай прэсе і чула ад некаторых юрыстаў. Ігнатовіч (не Ігнатоўскі) зараз знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Ён там зараз у вельмі кепскіх умовах, і як распавядалі яго родныя, гэтыя ўмовы вельмі адмоўна ўплываюць на яго здароўе. Улады спадзяюцца і чакаюць, што ён памрэ, і гэта будзе вельмі зручны варыянт, бо тады Ігнатовіч ніколі ня зможа даказаць сваю невінаватасьць. Я не лічу, што пасьля таго, што з Ігнатовічам ужо зрабіла турма, ён ніколі ня стане ў шэрагі забойцаў. Але гэта толькі маё суб’ектыўнае меркаваньне. Што зараз з Ігнатовічам – дакладна мне не вядома.

[ 11/09/2006 21:33 ]
Sviatlana, ne haceli b vy kinuc use i zjehac za miazhu, jak Zaharanka, Krasouskaja, tysiachy inshyh? Shto vas trymaje u Belarusi? Baleslau, Hrodna

Гэта вельмі складанае пытаньне. Таму, што я разумею – такім людзям як я заставацца ў Беларусі небясьпечна. Але я разумею й тое, што я апошняя з удоў, якая займаецца справай зьніклых тут, у Беларусі. Я адчуваю, што на мне ляжыць вялікая адказнасьць і я сёньня патрэбная сваёй краіне. А яшчэ, у дадатак да ўсяго, я нядаўна прачытала на Свабодзе, што такі паважаны і знакаміты чалавек як Уладзімер Арлоў верыць у будучыню Беларусі і ў мяне ў тым ліку. Ну і як пасьля ўсяго гэтага зьедзеш?

[ 11/09/2006 21:38 ]
Sveta, shto vy vedajece pra asudzanyh u sprave zniknennia Zmicera — jany siadziac za kratami ci uzho na voli? BX

Я ўжо адказвала на падобнае пытаньне. Па маіх зьвестках, Ігнатовіч зараз адбывае пакараньне ў Жодзінскай турме. У дадатак я ведаю, што адзін з тых, хто праходзіў па справе аб зьнікненьні Зьміцера, Савушкін, летась быў адпушчаны на волю. На сайце “Беларускага партызана” www.belaruspartizan.org было цікавае інтэрвію зь ім.

[ 12/09/2006 00:06 ]
Sviatlana, dobry dzien. Sto dla vas zjaulajecca sensam zyccia? Dziakuj, Alena.

Добры дзень, Алена.

Я вельмі сямейны чалавек. І таму сэнс жыцьця для мяне – гэта шчасьце і спакой у маёй сям’і.

А ў глябальным паняцьці сэнс жыцьця для мяне – Свабода і Адраджэньне маёй Беларусі. Бо бяз гэтага і ў маёй сям’і няма спакою.

[ 12/09/2006 10:35 ]
Шаноўная спадарыня Сьвятлана, хачу павіншаваць Вас і Сяржука Бахуна са шлюбам. Памятаю, гады з паўтары таму браў інтэрвію ў Сяржука і пераканаўся, які гэта мужны і адначасова лагодны і душэўны чалавек. Жадаю Вам шчасьця! Перадавайце прывітаньне Сяржуку. Маё пытаньне да Вас: чым бы Вы хацелі займацца, калі ў Беларусь прыйдзе сапраўдная свабода? Ці ёсьць у Вас мара — у прафэсыйным пляне? З павагай, Алесь Кудрыцкі

Прывітаньне, Алесь!

Дзякуй за віншаваньне. Мне Сяржук аб Вас распавядаў і нават даваў чытаць тое інтэрвію ў Нашай Ніве.

А што тычыцца пытаньня. Я вельмі мару аб тым часе, калі прыйдзе Свабода на Беларусь, і мы зможам усе сябе рэалізаваць у прафэсійным пляне. Я ведаю, што многія з тых, хто зараз у апазыцыі, займаюцца палітыкай выключна ў сілу абставін. Па першай адукацыі я мадэльер-канструктар жаночага адзеньня і заўсёды марыла, каб у мяне была свая крама моднага адзеньня. Але зараз я атрымліваю адукацыю палітоляга, і таму пакуль дакладна ня ведаю, якая з дзьвюх маіх адукацыяў больш спатрэбіцца свабоднай Беларусі.

[ 12/09/2006 13:15 ]
Святлана, як успрыняли Ваш новы шлюб Вашыя близкия, знаёмыя, а таксама маци Дзмитрыя Завадскага?

Усе блізкія і знаёмыя ўспрынялі мой новы шлюб станоўча. Мы з маім мужам Сяржуком яшчэ да гэтага часу прымаем віншаваньні з нагоды вясельля. Хаця я ведаю, што ня ўсім наш шлюб даспадобы. Але гэта, я лічу, могуць быць толькі тыя людзі, якія ня здольныя паставіць сябе на маё месца і зразумець, што ў любым выпадку жыцьцё працягваецца, якім бы сумным і горкім яно ні было раней. І кожны чалавек хоча быць шчасьлівым зараз, а не калі-небудзь у другім жыцьці.

[ 12/09/2006 17:00 ]
Sveta, Chym zajmajecca vash syn? Kim hocha stac? Alina Paulava

Юрась зараз вучыцца ў дзясятай клясе. Цікавіцца інфарматыкай і тэхнікай. Але заўсёды кажа, што будзе прэзыдэнтам. Што тычыцца майго меркаваньня, то я б хацела, каб Юрась пайшоў па прафэсійнаму шляху ягонага таты і зьвязаў свой лёс з тэлевізійнай журналістыкай. На жаль, зараз у Беларусі няма незалежнай тэлевізіі, і таму разьвівацца прафэсійна на Радзіме сёньня немагчыма. Спадзяюся, у хуткай будучыні такая магчымасьць зьявіцца.

[ 12/09/2006 17:23 ]
Раскажыце пра сустрэчу з Бушам. Якое ён зрабіў на Вас уражаньне? Ці пагаджаецеся Вы зь меркаваньнем, што Буш-малодшы — недалёкі чалавек?

Джордж Буш пакінуў у мяне ўражаньне разумнага чалавека, у якога вельмі добрае пачуцьцё гумару. Напрыклад, пра Біла Клінтана не казалі, што ён недалёкі чалавек, але ж я сумняюся, што Клінтан ведае аб Беларусі больш, чым, Джордж Буш-малодшы. Таму мае ўражаньні сфармаваліся менавіта з гэтага падыходу. Я лічу, што чуткі аб недалёкасьці Буша-малодшага былі “запушчаныя” крамлёўскімі СМІ. Многія крытыкуюць Джорджа Буша за вайну ў Іраку, але ніхто ня ведае, што зрабіў бы ён сам на месцы Буша пасьля жудаснай трагедыі 11-га верасьня, гадавіна якой была на гэтым тыдні.

[ 12/09/2006 17:29 ]
Шаноўная Сьвятлана, ці маюць нейкі рэальны і канкрэтны эфэкт акцыі салідарнасьці, якія праводзяцца 16-га кожнага месяца?

Я ня ведаю, які канкрэтны эфэкт ад акцый 16-га хто чакае. Але для мяне, як для ахвяры гэтага рэжыму, гэты дзень вельмі важны, таму што я адчуваю салідарнасьць шматлікіх людзей, якія думаюць і падтрымліваюць усіх, хто пацярпеў ад гэтай улады. Кожны месяц 16-га такія акцыі праводзяцца ня толькі ў Беларусі, але і ў ЗША і краінах Эўропы. І гэта нагадвае ўладам Беларусі, што за падзеямі ў Беларусі ўважліва сочаць па ўсім сьвеце. І паверце мне, гэта варта таго. Давайце ўспомнім, што яшчэ гадоў пяць таму, аб Беларусі мала ведалі ў сьвеце, а зараз нас падтрымліваюць усе цывілізаваныя краіны. І гэта ўсё дзякуючы падобным ініцыятывам. Я спадзяюся, што ўсе нашыя акцыі важныя, і жадаю, каб яны наблізілі нас да перамогі.

[ 12/09/2006 19:00 ]
Паважаная Сьвета! Я хачу Вас папросту павіншаваць з тым, што Вы нарэшце ўладкавалі сваё асабістае жыцьцё 🙂 Вы гэтага заслугоўваеце: любая жанчына мае права быць шчасьлівай. Усяго Вам самага добрага і віншаваньні з нагоды шлюбу! Алена.

Алена! Шчыры дзякуй Вам за добрыя словы і за тое, што Вы мяне разумееце.

[ 12/09/2006 19:13 ]
Сьвятлана! Як Вы ставіцеся да крытыкі? Сяржук

Я сама вельмі крытыкую сябе. Таму да крытыкі стаўлюся вельмі добра, калі я адчуваю, што нешта мне патрэбна выправіць у сабе, у маі хсправах. Я радая і дзякую ўсім за тое, калі мне робяць нейкія заўвагі.

 

[ 12/09/2006 19:14 ]
Сьвятлана! Скажыце калі ласка, што Вы чытаеце? Якія газэты, часопісы, кнігі? Хто ў Вас Любімы журналіст, паэт і пісьменьнік? І яшчэ, якую кніжку Вы марыце прачытаць, але адкладваеце гэта па самых розных прычынах? Дзякуй! Сяржук

З газэтаў я чытаю "Народную Волю", "Нашу Ніву", "Моладзевую думку", "Салідарнасьць" — усіх не ўзгадаю, але чытаю многа, і шмат чытаю інтэрнэт-выданьняў. Што да кніг, то на маім вясельлі прысутнічаў такі вялікі чалавек як пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Ён падараваў нам некалькі кніг, і адну зь іх, "Сланы Ганібала", я зараз чытаю. Гэта вельмі цікавая кніга, яна складаецца зь невялічкіх эсэ, якія былі напісаныя за 15 гадоў, і калі іх чытаеш, здаецца, што яны было напісаныя сёньня, але потым глядзіш дату і бачыш, што эсэ было напісанае 15 год таму, але ня страціла сваёй актуальнасьці ані сёньня. Што да любімага пісьменьніка, то прыярытэты з гадамі мяняюцца,