Адбыўся аргкамітэт «За вызваленьне Зьмітра Дашкевіча»

05/10/2006

Сёньня а 14-ай гадзіне пачаў працу грамадзкі камітэт па абароне лідэра Маладога Фронту, палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Як і паведамлялася раней узначаліў аргкамітэт лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.

На паседжаньні прысутнічалі прадстаўнікі розных дэмакратычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі. Сярод прысутных, як сябар грамадзкага камітэту, быў і народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч.

На працягу першага паседжаньня былі абмеркаваныя ўсе шляхі дасягненьня галоўнае мэты камітэту – вызваленьня Зьмітра Дашкевіча. Шмат хто з прысутных выказваў прапановы па правядзеньню акцыяў Салідарнасьці для найбольш магчымага інфармаваньня грамадзтва аб тым, што 25-ці гадовы малады палітык утрымліваецца як злачынцы ў турме за свае палітычныя погляды, за права на стварэньне й удзеле ў грамадзкай арганізацыі, аб’яднаньні, якое гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Ніл Гілевіч:

«Што інкрымінуецца Дашкевічу? Гэта культурны, сумленны малады чалавек, студэнт, пры тым з хрысьціянскай душою…проста ён ня можа, ня хоча жыць так, як прымушаюць. Ён змагаўся за звычайныя чалавечыя правы. У гэтым разе за тое, каб была зарэгістраваная арганізацыя «Малады Фронт». Няма ніякіх падстаў хапаць і садзіць… Яны баяцца актыўных дзейных грамадзянаў, асабліва маладых…»

Пасьля сваёй невялікай, але вельмі значнай для моладзі, якая прысутнічала на аргкамітэце, прамовы народны паэт Беларусі падараваў свае дзьве апошнія кнігі асабіста Зьмітру Дашкевічу й Маладому Фронту.

Прэс-служба МФ