Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала вязьнямі сумленьня 16 грамадзянаў Беларусі, якія былі арыштаваныя ў рамках крымінальнай справы «аб масавых беспарадках» у Менску 19 сьнежня.
Як паведамілі агенцтву БелаПАН у штаб-кватэры арганізацыі, вязьнямі сумленьня зьяўляюцца пяць экс-кандыдатаў у прэзыдэнты: Аляксей Міхалевіч, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Рыгор Кастусёў і Андрэй Саньнікаў.
Гэтаксама ў сьпіс вязьняў сумленьня ўнесеныя рэдактарка сайту charter97.org Натальля Радзіна, журналістка і жонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп, рэдактар газэты «Товарищ» і давераная асоба Ўладзімера Някляева Сяргей Вазьняк.
Паведамляецца, што «Міжнародная амністыя» таксама абвясьціла вязьнямі сумленьня давераную асобу Някляева Аляксандра Фядуту, кіраўніка выбарчага штабу Саньнікава Ўладзімера Кобеца, давераных асобаў Саньнікава Дзьмітрыя Бандарэнку і Аляксандра Арастовіча, кіраўніка выбарчага штабу Статкевіча Сяргея Марцалева, давераную асобу экс-кандыдата ў прэздыэнты Яраслава Раманчука Анатоля Лябедзьку, кіраўніка выбарчага штабу былога кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца і намесьніцу старшыні моладзевай арганізацыі «Малыды фронт» Насту Палажанку.
Гэтыя зьняволеныя "зьяўляюцца вязьнямі сумленьня, якім прад’яўленыя сфабрыкаваныя абвінавачваньні выключна ў сувязі зь мірным выражэньнем іх палітычных поглядаў", заявіў намесьнік дырэктара праграм Эўропы і Сярэдняй Азіі "Міжнароднай амністыі" Джон Долхусен. "Яны павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя, а ўсе абвінавачваньні ў дачыненьні да іх зьнятыя", — падкрэсьліў ён.
На думку прадстаўніка арганізацыі, перасьлед людзей, якія прымалі ўдзел у мірнай дэманстрацыі, і жорсткае абыходжаньне зь імі "паказвае абуральную непавагу да правоў чалавека з боку беларускіх уладаў і заслугоўвае самага рашучага асуджэньня міжнароднай супольнасьцю".
"Міжнародная амністыя" не знайшла ніякіх сьведчаньняў таго, што яны зьвярнуліся або падбухторвалі да гвалту перад або падчас дэманстрацый ", — заявіў Долхусен.
Арганізацыя адзначае, што абвінавачваньні ў дачыненьні да Рымашэўскага, адпушчанага пад падпіску аб нявыезьдзе 1 студзеня, застаюцца ў сіле. "Міжнародная амністыя" працягвае сачыць за яго справай, а таксама за справамі іншых абвінавачаных у сувязі з дэманстрацыяй 19 сьнежня, сярод якіх, як мяркуюць праваабаронцы, "могуць быць новыя вязьні сумленьня".
Нагадаем, што па справе 19 сьнежня да крымінальнай адказнасьці прыцягнута больш за 30 чалавек. Пакуль вязьнямі сумленьня прызнаныя толькі палова зь іх.
Радыё Свабода