На Каляды — да Ўльяны Захаранкі

12/01/2011

Сёньня гомельскія дэмакратычныя актывісты наведалі ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёну Ўльяну Захаранку, маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў генэрала Захаранкі.

Сябра цэнтральнай рады руху «За свабоду» Ўладзімер Кацора ад імя руху й камітэту «Салідарнасьць» і ад сябе асабіста павіншаваў Ульяну Рыгораўну з Новым годам і Калядамі, уручыў ёй бел-чырвона-белыя ружы й калядныя падарункі.

Ульяне Захаранцы хутка споўніцца 87 гадоў. Амаль дванаццаць зь іх яна чакае сына — Юрыя Захаранку. Яго выкралі ў Менску 7 траўня 1999 году, калі ён вяртаўся з гаража дадому. З таго часу ніхто з родных яго ня бачыў і ня чуў.

Ня так даўно Ўльяна Захаранка атрымала на свой запыт ліст з Генэральнай пракуратуры Беларусі наконт дасьледаваньня крымінальнай справы пра зьнікненьне сына:

«Прыслалі ліст, што, маўляў, сьледзтва вялі й працягваем — да 24 сакавіка сьледзтва працягнута. Тры словы — вось і ўсё».

Спадарыня Захаранка ведае пра нядаўні разгон і зьбіцьцё ў Менску мірных дэманстрантаў і кандыдатаў на прэзыдэнта. Некаторых з палітыкаў яна бачыла асабіста.

Ульяна Рыгораўна кажа, што сама яна на прэзыдэнцкія выбары ня ходзіць і не запрашае чальцоў камісіі да сябе зь пераноснымі скрынямі:

«Я ніколі не галасую, і ніхто бюлетэні не прыносіць. І ня трэба, бо я галасаваць ня буду. Я не хаджу ніколі — на чорта. Што я буду за яго галасаваць? А калі б я прагаласавала за якога кандыдата, усё адно яму не пападзе мой голас. Там усё скруцяць».
А калі б я прагаласавала за якога кандыдата, усё адно яму не пападзе мой голас. Там усё скруцяць.

Бабуля Ўльяна апавяла, што мае сацыяльнага работніка. За невялікія грошы тая дапамагае сёе-тое зрабіць дома, у краму сходзіць. Але больш за ўсё даглядае яе пляменьніца Люба — безь яе невядома як было б жыць. Яна і ў хаце прыбярэ, і пачастункі дапаможа прыгатаваць, безь якіх бабуля Ўльяна нікога ад сябе не выпускае.

Апошнім часам Ульяна Рыгораўна жаліцца на ціск, боль у сэрцы. Асабліва цяжка ёй уночы, калі заціхаюць гукі на вуліцы. Успамінаюцца сыны — Уладзімер, які заўчасна пайшоў з жыцьця з прычыны службы на атамным флёце, і Юры — які бясьсьледна зьнік, калі стаў апанэнтам дзейнай улады.

Нейкая аддушына бывае, калі зь Нямеччыны тэлефануюць нявестка Вольга, унучкі Алена й Юля ці праўнукі — унукі зьніклага генэрала Захаранкі.