У Нью-Ерку і Вашынгтоне прайшлі акцыі падтрымкі Івана Шылы, Франака Вячоркі і Зьмітра Хведарука.
7 лютага, калі моладзевыя актывісты Іван Шыла, Франак Вячорка і Зьміцер Хведарук прымалі прысягу ў беларускім войску, Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі правеў акцыю падтрымкі маладзенаў і выказаў свае «супраць» палітычнаматываваным прызывам, якія ладзяцца на Беларусі. Каля будынку ААН пад шматлікімі бел-чырвона-белымі сьцягамі сабралося больш за паўсотні чалавек. Акцыя доўжылася паўтары гадзіны.
На мітынгу ў Нью-Ерку прысутнічалі вядомыя дзеячы беларускага адраджэньня Зянон Пазьняк, Алесь Марачкін, Алесь Шатэрнік і Сяржук Сокалаў-Воюш.
Арганізатары акцыі распавялі пра факты парушэньняў пры прызыве беларускіх апазыцыйных актывістаў у войска, зазначыўшы, што палітычны перасьлед людзей на Беларусі працягваецца і пасьля абвешчаных уладамі Беларусі крокаў на лібэралізацыю і дэмакратызацыю краіны.
Зянон Пазьняк распавеў апошнія навіны зь Беларусі і адзначыў, якую карысьць можа прынесьці краіне нават адзін чалавек, моц якога значна павялічваецца, калі ен атрымлівае падтрымку. Ен узгадаў гістарычныя факты, калі беларускія шляхцічы ішлі ў расейскае войска і станавіліся афіцэрамі дзеля таго, каб мець магчымасьць уплываць на сытуацыю на Радзіме ды выхоўваючы беларусаў, адданых сваей краіне.
Прыляцеўшы ў Злучаныя Штаты толькі за дзень да акцыі для адкрыцьця сваей пэрсанальнай выставы, мастак Алесь Марачкін узгадаў пра моманты, калі трымаў на руках маленькага Франака, які 7 лютага на беларускай мове сваю прысягу скончыў словамі «Жыве Беларусь!»
Сябра Рады БНР Юрась Юркевіч, які за дзень да падзеі прыляцеў з Таліна, адзначыў вартасьць словаў падзякі ў любы час, асабліва ў такі складаны, які перажывае сеньня Беларусь. Ен падзякаваў беларускім актывістам за адважнасьць, а тым, хто прыйшоў на акцыю — за іх падтрымку. Падзяку за падтрымку атрымалі прысутныя і ад актывіста з Салігорску Дзяніса Талпека, якую ім перадалі родныя Івана Шылы і яго салігорскія сябры.
Мікола Сагановіч нагадаў пратэстуючым, што ў першыя дні лютага нарадзіліся такія сыны беларускай зямлі як Кастусь Каліноўскі і Тадэвуш Касьцюшка, на прыкладах жыцьцевага лесу і заваеваў якіх якіх вучацца сеньня Іван, Франак, Зьміцер і тысячы іншых беларусаў.
У гэты ж час у Вашынгтоне каля беларускай амбасады быў праведзены пікет супраць перасьледу ўладамі беларускіх грамадзян. На мітынгу ў сталіцы ЗША беларусы Амэрыкі асудзілі афіцыйнае кіраўніцтва Беларусі за працяг гвалтоўнай палітыкі ў адносінах грамадзянскай супольнасьці, а таксама выступілі за стварэньне ў Беларусі прафэсыйнага войска. Невялічкая група мітынгуючых, пратэстуючы супраць гвалтоўнага адпраўленьня ў войска моладзевых лідэраў, трымала плакаты «No army recruiting on political grounds in Belarus», «Illegal recruiting is a new punishment for democrats».
Воклікамі «Жыве Беларусь!» пад бел-чырвона-белымі сьцягамі беларусы Амэрыкі выказалі падтрымку Івану, Франаку і Зьмітру, сказаўшы пры гэтым свае «супраць» палітычнаму перасьледу моладзевых актывістаў у роднай краіне.
Прэс-служба МФ