Судзьдзям нагадалі пра сьмерць Яны Паляковай

16/03/2009

Акцыю Салідарнасьці зарганізавалі мясцовыя маладафронтаўцы ў Салігорску насупраць раённага суда.

Менавіта ў гэтым будынку 3 сакавіка праваабаронцу Яну Палякову прысудзілі да двух з паловаю гадоў "хіміі" за нібыта ілжывы данос. Яна не згадзілася з прысудам, назваўшы яго палітычным і заявіўшы, што "зэчкай ня будзе". У ноч з 6-га на 7-га сакавіка яна зрабіла сабе сьмерць.

На 16-е сакавіка прыйшлося роўна 9 дзён пасьля сьмерці 33-гадовай жанчыны. Менавіта таму месцам правядзеньня акцыі быў абраны салігорскі суд. Акцыя Салідарнасьці пачалася напрыканцы працоўнага дня і цягнулася сорак хвілін. Ланцуг неабыякавых людзей з партрэтамі Яны Паляковай маглі пабачыць усе супрацоўнікі суда, якія як раз ў гэты час пакідалі свае працоўныя месцы.

Большасьць удзельнікаў складала моладзь і вядомыя ў Салігорску грамадзкія актывісты.

Кажа Ўладзімер Шыла:

— Мы хацелі паглядзець у вочы тым людзям, якія выносяць гэткія прысуды. Менавіта таму і прышлі сюды ў час, калі супрацоўнікі суда ідуць з працы да дому. На жаль ніводны судзьдзя так і не наважыўся выйсьці з будынку. Але ж я ўпэўнены яны гэты дзень запомняць.

Увесь час за акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі аднак ніхто з удзельнікаў акцыі ня быў затрыманы.