Апазіцыйныя актывісты не маюць намеру спыняць галадоўку салідарнасці з палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам. Жыццё вязня сумлення, які галадае ў турме амаль месяц, знаходзіцца пад пагрозай.
Аб гэтым намесніца старшыні арганізацыі «Малады Фронт» Наста Палажанка заявіла на прэс-канферэнцыі ўдзельнікаў галадоўкі салідарнасці з палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам, якая прайшла сёння ў менскім офісе Партыі БНФ. У прэс-канферэнцыі таксама прынялі ўдзел прэс-сакратар «Маладога Фронту» Тацяна Шапуцька, менскі каардынатар арганізацыі Мікола Дземідзенка, былы палітвязень і фігурант «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі, актывістка партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Ірына Губская і іншыя.
Усяго за дзесяць дзён у галадоўцы салідарнасці прынялі ўдзел 32 чалавекі, на дадзены момант — 30, паколькі актывісты Андрусь Цянюта і Глеб Сноркін былі вымушаныя спыніць галадоўку па прычыне пагаршэння здароўя. З самага пачатку, 4 мая, галадаюць 11 чалавек — гэта значыць, за дзесяць дзён колькасць удзельнікаў акцыі павялічылася амаль у тры разы, адзначыла прэс-сакратар «Маладога Фронту» Тацяна Шапуцька.
Па словах намесніцы старшыні «Маладога Фронту» Насты Палажанка, сэнс галадоўкі салідарнасці складаецца ў падтрымцы палітвязняў, асабліва Мікалая Аўтуховіча, які абвясціў бестэрміновую галадоўку 16 красавіка і зараз памірае ў турме.
«Самае хвалюючае журналістаў пытанне — аб мэтах галадоўкі і аб тым, ці лічым мы яе правядзенне эфектыўным. Таму я хачу растлумачыць, што сэнс галадоўкі «Маладога Фронту» — падтрымліваць чалавека, які памірае за кратамі. І мне хацелася бы падкрэсліць зараз, калі людзі занепакоеныя станам нашага здароўя ці сэнсам галадоўкі, што мы не хочам прадэманстраваць сябе нейкімі героямі. Мы хочам заклікаць кожнага да грамадзянскай салідарнасці з тымі, каго пераследуюць за праўду. Безумоўна, для гэтага ёсць шмат розных варыянтаў, салідарнасць можна дэманстраваць любымі іншымі спосабамі. Але, паколькі ёсць канкрэтны чалавек, які ў дадзены момант знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці, мы вырашылі падтрымаць яго менавіта ў форме галадоўкі», — заявіла Наста Палажанка.
Самой галоўнай мэтай галадоўкі з’яўляецца выкананне беларускімі ўладамі патрабавання пратэстуючых — вызваліць палітвязняў.
«Галоўная мэта галадоўкі — гэтае выкананне нашых патрабаванняў. Вядома, мы ацэньваем, наколькі рэальнае выкананне гэтых патрабаванняў беларускімі ўладамі. Паколькі зараз калі і адбываюцца нейкія змены ў краіне, то толькі «касметычныя». У нас няма ніякіх ілюзій на гэты конт — але пры гэтым мы паспрабуем быць прынцыповымі, таму што Мікалаю Аўтуховічу неабходная падтрымка», — дадала намстаршыні «Маладога Фронту».
Прэс-сакратар арганізацыі Тацяна Шапуцька растлумачыла, што былы палітвязень Аляксандр Казулін, які зараз падтрымлівае галадоўку салідарнасці эстафетна, таксама паднімаў пытанне галадоўкі на саміце «Ўсходняга партнёрства» у Празе і на ўсіх сустрэчах з прадстаўнікамі міжнароднага грамадства і амбасадарамі заходніх краін.
Усе ўдзельнікі галадоўкі салідарнасці выйдуць на марш «За незалежнасць!», які пройдзе 14 мая ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы, паведаміў менскі каардынатар «Маладога Фронту» Мікола Дземідзенка.
«Марш адбудзецца пры любым надвор’і, пры любых дзеяннях сілавых структур. Зараз дзеянні ўлады ставяць пад пагрозу найважнейшае, самае каштоўнае, што ў нас ёсць – незалежнасць. Таму мы лічым, што сама акцыя на сённяшні дзень, у сённяшніх умовах, вельмі патрэбная Беларусі. І мы спадзяемся, што правядзенне марша стане традыцыяй, бо беларускія ўлады ўжо шматлікія гады дэманструюць, што для іх незалежнасць краіны — гэта нішто», — сказаў менскі каардынатар «Маладога Фронту».
Праца па правядзенні гэтай акцыі вялася на працягу месяца, і яе падтрымалі міжнародныя арганізацыі ў такіх краінах, як Англія, Расея, Польшча, Украіна, Літва.
«14 і 16 мая ў гэтых краінах будуць праводзіцца акцыі салідарнасці — пікетаванне беларускіх амбасад з патрабаваннем вызваліць палітвязняў і падтрымаць галадоўку салідарнасці «Маладога Фронту», а таксама падняць пытанне беларускай незалежнасці. Дзень 14 мая быў абраны не проста так. 14 мая 1995 года прайшоў першы рэферэндум, на якім была прадпрынятая спроба здаць нашую незалежнасць — былі змененыя дзяржаўная мова і дзяржаўныя сімвалы Беларусі. Таму 14 мая нашыя партнёры ў іншых краінах будуць праводзіць акцыі салідарнасці — а мы ў гэты дзень выйдзем на Плошчу і правядзем марш», — растлумачыў Мікола Дземідзенка.
Актывісты «Маладога Фронту» таксама адзначылі, што на працягу ўсёй галадоўкі іх падтрымліваюць як вядомыя людзі, так і простыя грамадзяне.
«Падчас галадоўкі нас наведвае вельмі шмат людзей, таму вялікую частку часу мы размаўляем з імі, распавядаем аб сэнсе, аб мэтах галадоўкі. Шматлікія, хто прыходзіць на Ўправу БНФ або бачаць нашыя плакаты ў вокнах, заходзяць і пытаюцца, што мы тут праводзім, з чым гэта звязана.
Акрамя таго, нас наведвае шмат грамадскіх дзеячаў. Нядаўна музыка Зміцер Вайцюшкевіч арганізаваў тут канцэрт, каб падтрымаць нас і падбадзёрыць. Таксама да нас прыходзіў пісьменнік Уладзімір Арлоў, які падарыў свае кнігі. Раней мы чыталі ў асноўным Біблію, цяпер таксама чытаем кнігі Арлова», — паведаміла Наста Палажанка.
Дзяўчына таксама адзначыла: удзельнікі галадоўкі пакуль не звязваліся са сваякамі і блізкімі Мікалая Аўтуховіча асабіста, але сям’я палітвязня ведае аб акцыі салідарнасці моладзі.
«Яны вельмі ўражаныя тым, што праводзіцца такая кампанія салідарнасці з палітвязнямі і наогул узрушаныя тым, што гэтае пытанне атрымала такую шырокую агалоску», — падкрэсліла Палажанка.
Нагадаем, 4 мая шэраг палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі абвясцілі бестэрміновую галадоўку ў падтрымку затрыманых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі, якія ўтрымоўваюцца ў сталічным СІЗА № 1.
Сярод удзельнікаў акцыі салідарнасці — былыя палітвязні Андрэй Кім, Мікола Статкевіч, Сяргей Скрабец, Арцём Дубскі, Эніра Браніцкая, Аляксандр Казулін, лідэр кардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, актывісты «Маладога Фронту» Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Кася Салаўёва, Яраслаў Грышчэня, Арцём Ластавецкі, Дар’я Латушкіна, грамадская актывістка з Брэста Наталля Касцючык, Ірына Губская, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і шматлікія іншыя.
Удзельнікі галадоўкі патрабуюць зняць абвінавачванні з арыштаваных лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі, неадкладна вызваліць іх, а таксама рэабілітаваць усіх палітвязняў у краіне і спыніць пераслед грамадзян па палітычных матывах.
Хартыя`97