«Усе мы ведаем сытуацыю, якая склалася вакол экс-кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Казуліна. Разумеем і тое, што менавіта зараз, як ніколі, гэтаму мужнаму чалавеку і яго сям’і патрэбная нашая падтрымка, — гаворыцца ў заяве Рады Моладзі БНФ, прымеркаванай да Дня салідарнасьці. — Дзякуючы шматлікім акцыям актывістаў дэмакратычнага руху, партрэты Казуліна з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня можна пабачыць на слупах, у падземных пераходах, расьцяжках, лунаючых на вежах і мастах.
Яшчэ паўгады таму мы нават уявіць не маглі тое, што Андрэй Клімаў, Аляксандр Зьдзьвіжкоў, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч і іншыя палітычныя вязьні апынуцца на свабодзе. Адбылося гэта ў выніку другой хвалі "лібэралізацыі", ці проста палітычнага гандлю, але тут ня трэба заніжаць і ролю грамадзянскай супольнасьці, палітычных структураў, якія таксама значным чынам паўплывалі на вырашэньне гэтай сытуацыі.
Аляксандр Казулін застаецца закладнікам асабістай помсты А. Лукашэнкі.
Усьведамляючы вышэйзгаданае, Моладзь БНФ прыняла рашэньне выказаць салідарнасьць з Аляксандрам Казуліным 16 сакавіка ў 18:00 на Кастрычніцкай плошчы.
Мы заклікаем усе дэмакратычныя сілы Беларусі, усіх неабыякавых людзей падтрымаць нашую ініцыятыву».
Рада Моладзі БНФ