|   Жонкі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў пасьля 
              паездак у Маскву і Парыж накіраваліся сёньня ў Вашынгтон, дзе ў 
              іх заплянаваныя сустрэчы з шэрагам уплывовых амэрыканскіх палітыкаў, 
              прадстаўнікамі мэдыяў і грамадзкіх арганізацыяў.  
               
              Сёньня ў Вашынгтон выправілася дэлегацыя беларускіх жанчын, чые 
              мужы зьніклі або памерлі пры нявысьветленых абставінах. У дэлегацыі 
              Людміла Карпенка, Сьвятлана Завадзкая, Ірына Красоўская і Тацяна 
              Клімава. У Вашынгтоне іх чакаюць спачатку ў Кангрэсе ЗША, дзе адбудуцца 
              сустрэчы з шэрагам ўплывовых амэрыканскіх палітыкаў.  
            Асаблівую цікавасьць да беларускай дэлегацыі выказалі ў Камітэце 
              правоў чалавека амэрыканскага парлямэнту. Людміла Карпенка, якая 
              ўзначальвае фонд імя Генадзя Карпенкі, празь які была арганізаваная 
              паездка, кажа, што амэрыканцаў вельмі непакоіць сытуацыя з правамі 
              чалавека ў Беларусі.  
            «Ім, вядома ж, хацелася б пачуць, што ў нас у гэтай галіне 
              стала крыху лепш, але мы ня можам прыхарошваць. Я ня бачу нейкіх 
              зьменаў да лепшага», — паведаміла мне перад адлётам у Вашынгтон 
              Людміла Карпенка. Як прыклад, яна назвала справы зьніклых палітыкаў, 
              якія дагэтуль не расьсьледаваныя.  
            (Карпенка: ) «Ужо два гады прайшло, а што зроблена? Пра Карпенку 
              ўвогуле забыліся, ніхто нічога ня робіць. Колькі я ні дамагалася 
              расьсьледаваньня прычынаў сьмерці Генадзя, нічога не атрымалася. 
             
            Мне часта задаюць пытаньне — навошта гэта варушыць, пакіньце ўсё 
              як ёсьць, усё роўна праўды ў нашай краіне ня знойдзеце, але я не 
              здаюся. Бо тое, што зрабілі з маім мужам, можа паўтарыцца зь іншымі 
              апазыцыянэрамі. А ўлады нашыя наўмысна нічога не расьсьледуюць, 
              бо яны самі гэта зрабілі», — мяркуе Людміла Карпенка.  
            У Вашынгтоне беларускія жанчыны таксама сустрэнуцца з прадстаўнікамі 
              амэрыканскіх мэдыяў і грамадзкіх арганізацыяў. «Трэба, каб 
              больш простых амэрыканцаў, а не адны палітыкі, ведалі, што ў Беларусі 
              зьнікаюць тыя, хто змагаецца з рэжымам Лукашэнкі», — гэтак 
              акрэсьліла мэту паездкі ў ЗША жонка зьніклага Анатоля Красоўскага 
              Ірына.  
               
              Алег Грузьдзіловіч 
              «Радыё Свабода» 
                     |