|   Людміла Карпенка, Сьвятлана Завадзкая, Ірына Красоўская 
              і Тацяна Клімава — жонкі зьніклых беларускіх палітыкаў і палітычных 
              вязьняў знаходзяцца ў Вашынгтоне на запрашэньне Міжнароднай лігі 
              правоў чалавека.  
            У штаб-кватэры Радыё Свабода прайшоў брыфінг для журналістаў і 
              прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, у часе якога жанчыны пазнаёмілі 
              прысутных з агульнай сытуацыяй у Беларусі і распавялі свае сумныя 
              гісторыі.  
            Паводле Людмілы Карпенкі, менавіта няшчасьце, якое выпала на долю 
              гэтых жанчынаў, прымусіла іх, вельмі розных паводле ўзросту і характару, 
              аб’яднацца і самастойна шукаць зьвесткі пра лёс блізкіх. Іх не пачулі 
              ў Беларусі, таму жонкі зьніклых выправіліся за мяжу.  
            Яны наведалі Маскву і Парыж, а цяпер знаходзяцца ў Вашынгтоне, 
              дзе маюць намер узьняць пытаньне пра лёс мужоў на самым высокім 
              узроўні.  
            Сапраўды, асабліва ў сьвятле апошніх сэнсацыйных заяваў сьледчых 
              Петрушкевіча і Случака, таксама дакумэнтаў, апублікаваных Уладзімірам 
              Ганчарыкам, справы зьніклых беларускіх палітыкаў прыцягваюць шмат 
              увагі ў Вашынгтоне. Як сярод недзяржаўных арганізацыяў, таксама 
              і ў дзяржаўных структурах і сродкаў масавай інфармацыі.  
            Візыт Людмілы Карпенкі, Сьвятланы Завадзкай, Тацяны Клімавай, Ірыны 
              Красоўскай праходзіць на вельмі высокім узроўні. Яны мелі сустрэчу 
              ў Дзярждэпартамэнце з намесьнікам дзяржсакратара ў пытаньнях дэмакратыі, 
              правоў чалавека і працы Лорнам Крэйнэрам.  
            Таксама намесьнікам дзяржсакратара ў эўрапейскіх пытаньнях Сьцівэнам 
              Пайфэрам, супрацоўнікамі нацыянальнай Рады бясьпекі.  
            Жонкі зьніклых мелі сустрэчу з сэнацкай камісіяй міжнародных справаў, 
              з сэнатарамі Джэсі Хэлмсам і Горданам Сьмітам.  
            У часе сваіх папярэдніх візытаў у Маскву і Парыж, зараз у Вашынгтоне, 
              жанчыны заклікаюць да стварэньня незалежнай міжнароднай камісіі 
              расьсьледаваньня зьнікненьня беларускіх палітыкаў.  
            Ірына Красоўская і Сьвятлана Завадзкая адзначылі, што цягам часу 
              яны маюць усё больш пытаньняў і ўсё менш адказаў. І на гэтыя пытаньні 
              здольныя адказаць Аляксандар Лукашэнка і набліжаныя да яго асобы. 
             
            У Беларусі іх не пачулі, апроч Саюзу правых сілаў, не пачулі іх 
              і ў Расеі.  
            З дапамогай шматлікіх праваабарончых арганізацыяў намагаюцца, каб 
              пытаньне пра лёс Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага было 
              ўзьнята амэрыканскім бокам у перамовах з Расеяй на самым высокім 
              узроўні.  
            Яны вельмі спадзяюцца таксама на рэакцыю, дапамогу і падтрымку 
              з боку міжнароднай супольнасьці, урадаў дэмакратычных краінаў і 
              на зьмены ў Беларусі.  
            Як лічыць Людміла Карпенка, за цяперашнім «брудным рэжымам у Беларусі» 
              ім ня ўдасцца даведацца праўду.  
            Толькі ва ўмовах дэмкратыі магчымае адкрытае расьсьледаваньне гэтых 
              справаў.  
             
              Ірына Курапаткіна 
              «Радыё Свабода» 
                     |