|   Інфармацыйны цэнтар амбасады ЗША ў Менску (USIS) 
              арганізаваў для беларускіх журналістаў тэлемост з Вашынгтонам. Супрацоўнікі 
              мас-мэдыяў змаглі наўпрост паразмаўляць з жонкамі зьніклых палітыкаў, 
              якіх адмыслова запрасілі ў студыю Дзярждэпартамэнту.  
               
              Візыт у ЗША стаў для Людмілы Карпенкі, Ірыны Красоўскай, Сьвятланы 
              Завадзкай ды Тацяны Клімавай трэцім пасьля паездак у Расею і Францыю. 
              Паўсюль жонкі зьніклых у Беларусі асобаў мелі адну мэту: давесьці 
              на рэальных прыкладах пра бяспраўе ў цяперашняй Беларусі. Таму першае, 
              пра што спыталася супрацоўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, якая 
              вяла эфір з Вашынгтону было: ці не баіцеся вы наступстваў сваёй 
              актыўнасьці пасьля вяртаньня на Радзіму? Адказвае Людміла Карпенка: 
             
            (Карпенка: ) «Так, мы засталіся літаральна бяз стрыжня. Нам 
              цяжка, але й іншага выйсьця ў нас няма. Таму што цудоўна разумеем: 
              пры цяперашняй уладзе нічога не даведаемся. Я асабіста хачу пры 
              жыцьці паглядзець у вочы чалавеку, у якога паднялася рука забіць 
              майго мужа. Ці баімся? Вядома, страх ёсьць. Але я ж кажу: іншага 
              выйсьця ў нас няма».  
            Часам усяго знаходжаньня ў ЗША беларускія жанчыны мелі шэраг вельмі 
              важных сустрэчаў. Беларускае пытаньне падымалі ў часе кантактаў 
              з дарадцам дзяржсакратара па дэмакратыі, правах чалавека і працы 
              Лорнам Крэнэрам, намесьнікам дарадцы па эўрапейскіх справах Стывэнам 
              Пайфэрам, супрацоўнікамі Савету нацыянальнай бясьпекі й шэрагам 
              амэрыканскіх сэнатараў.  
            Вялікая цікавасьць была да візыту і ў амэрыканскай прэсы. Адно 
              з самых важных пытаньняў, якое ўзьнімалі жанчыны — магчымасьць стварэньня 
              міжнароднай камісіі па расьсьледаваньні кожнай справы па зьніклых 
              у Беларусі асобна. Вось што распавяла Ірына Красоўская:  
            (Красоўская: ) «Што тычыцца міжнароднай камісіі па расьсьледаваньні, 
              то мы рэальна ўяўляем, як складана яе стварыць і арганізаваць яе 
              работу. Але сам факт звароту да ўрадаў іншых краінаў дзеля стварэньня 
              такой камісіі можа быць успрыняты як моцны маральны ўплыў на беларускія 
              ўлады з мэтай правядзеньня сьледзтва па фактах зьнікненьня нашых 
              мужоў».  
            Самае гарачае пытаньне, якое цікавіла беларускіх журналістаў — 
              ці была сустрэча са сьледчымі Случакам і Петрушкевічам, якія атрымалі 
              палітычны прытулак у ЗША менавіта пасьля таго, як распавялі пра 
              мэханізм зьнікненьня апанэнтаў беларускага рэжыму.  
            Сьвятлана Завадзкая распавяла, што такой мэты ў іх ня было. Найперш, 
              яны добра знаёмыя з тымі матэрыяламі, якія трапілі ў друк, а па-другое, 
              сьледчыя наўрад ці маглі б дадаць што новае, пакуль ня маюць гарантыяў 
              бясьпекі сваіх сем'яў. Зараз Сьвятлану больш непакояць заявы тых 
              сьледчых, якія займаюцца справай ейнага мужа ў Менску.  
            (Завадзкая: ) «Тое, што мне кажуць сьледчыя — што мы з вамі 
              будзем сустракацца гады й гады, з упэўненасьцю, што Дзіму ня знойдуць 
              ні заўтра, ні празь месяц, мяне прыводзіць у шокавы стан. Таму я 
              тут, я хачу дабіцца праўды, хачу ведаць, што адбылося. Адзінае, 
              у чым я ўпэўненая — што гэта будзе пасьля зьмены цяперашняй улады». 
             
            Людміла Карпенка таксама дадала, дзеля чаго іхная невялікая дэлегацыя 
              зрабіла такі міжнародны палітычны тур. Яна лічыць, што гэта патрэбна 
              ня толькі ім, але й тым людзям, якія дагэтуль зьяўляюцца патэнцыйнымі 
              ворагамі рэжыму Лукашэнкі.  
            (Карпенка: ) «Пакуль гэта тычыцца нас, невялікай колькасьці 
              мужчынаў і жанчын. Але заўтра гэта можа быць закрануць іншых мужоў, 
              сыноў нашых жанчын. Мы хочам, каб міжнародная супольнасьць пра гэта 
              ведала і выпрацавала сваё стаўленьне да нашых уладаў».  
            А напрыканцы тэлемоста паміж Менскам і Вашынгтонам Людміла Карпенка 
              зьвярнулася да дэмакратычных кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду з 
              такімі словамі: «Можа здарыцца так, што ня будзе чаго дзяліць. 
              Прыйшоў час выбіраць».  
               
               
              Ігар Карней 
              «Радыё Свабода» 
                     |