|   Людміла Карпенка, удава віцэ-сьпікера Вярхоўнага 
              Савету вядомага ў Беларусі апазыцыйнага палітыка, у адказ на выказваньні 
              Аляксандра Лукашэнкі аб абставінах сьмерці і пахаваньня свайго мужа, 
              заявіла: гэта цынічная ілжа. Генадзь Карпенка памёр увесну 1999 
              года, прычым, як лічаць ягоныя блізкія, пры вельмі падазроных абставінах. 
              У выступе на паседжаньні 31 ліпеня з кіраўнікамі мясцовых уладаў, 
              Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг непрыстойных выказваньняў адносна 
              зьніклых ці загінулых прадстаўнікоў апазыцыі, а таксама іхных жонак 
              і Людмілы Карпенкі, у прыватнасьці. Ён абвінаваціў жанчынаў у тым, 
              што тыя наведалі шэраг заходніх краінаў, дзе распавядалі аб датычнасьці 
              беларускіх уладаў да зьнікненьняў сваіх мужоў. 
            «Оппозиционеры уже два года носятся с этими пропавшими, — 
              заявіў на паседжаньні Лукашэнка. — Они туда записали Геннадия Карпенко. 
              Что, он также пропал? Человек умер, которого спасал лучший у нас 
              хирург, спасал трое суток. Мясникович отвечал за это». Прэзыдэнт 
              папікнуў Людмілу Карпенку ў няўдзячнасьці і заявіў, што па ейнай 
              просьбе ўлады цалкам аплочвалі выдаткі на пахаваньне ейнага мужа. 
              «Когда умер Карпенко — я уж вам откровенно скажу, — мы его 
              хоронили», — заявіў прэзыдэнт. 
            «Нас аблівалі гразёю пры жыцьці Гены, працягваецца гэта і 
              зараз. Гэта цынічная ілжа», — заявіла ў адказ на словы Лукашэнкі 
              Людміла Капенка ў інтэрвію газэце «Народная воля» 2 жніўня. 
              «Сапраўды, нам тэлефанаваў Мясьніковіч. Прыходзіў Ціцянкоў. 
              Але пра гэта я даведалася пасьля пахаваньня...Да я лепш памерла 
              б, чым пайшла да гэтых людзей!», — сказала яна. Такія выказваньні 
              Лукашэнкі Людміла Капенка разглядае як сьведчаньне ягонага «панічнага 
              страху», як «абаронную рэакцыю». «Лукашэнка баіцца прайграць выбары. 
              Баіцца адказваць за забойства. Баіцца мёртвых: бо рана ці позна 
              за ўсё прыйдзецца адказваць», — лічыць Людміла Карпенка. Па яе словах, 
              жонкі зьніклых і рэпрэсаваных палітыкаў сёньня аб’ядналіся. «І 
              як нас не стараюцца пасварыць — нічога не атрымаецца. Нас аб’ядноўвае 
              бяда. Я не сумняваюся, што ўлады датычны да магчымых забойстваў 
              Захаранкі, Ганчара, Красоўскага й Завадзкага. І ня веру, што мой 
              муж памёр сваёй сьмерцю», — заявіла Людміла Карпенка. 
             
              Хартия-97  
                     |