|   «Мая галоўная мэта — пры маiм жыцьцi даведацца, 
              хто выканаў загад забiць майго мужа, бо iмя заказчыка мне вядома», 
              — паведаміла 13 жнiўня на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзкасьці 
              Гародні Людмiла Карпенка, жонка вядомага беларускага палiтыка Генадзя 
              Карпенкi, які памёр пры нявысьветленых абставінах. Людмiла Карпенка 
              назвала сьмерць свайго мужа «палiтычным забойствам». 
            Сустрэча з Людмiлай Карпенка i Iрынай Красоўскай, жонкай бiзнэсоўца 
              Анатоля Красоўскага, які зьнік бяз зьвестак, адбылася ў Гародні 
              ў памяшканьнi грамадзкага аб`яднаньня «Ратуша». Падчас 
              сустрэчы жанчыны распавялі пра абставiны сьмерцi Генадзя Карпенкi, 
              зьнiкненьня Юры Захаранкi, Вiктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, 
              Зьміцера Завадзкага. 
            Iрына Красоўская абвергла меркаваньне, якое прагучала падчас сустрэчы 
              ў Гародні, што да зьнiкненьня вядомых палiтыкаў нібыта мае дачыненьне 
              беларуская апазыцыя. Паводле словаў Iрыны Красоўскай, «беларуская 
              апазыцыя не магла ажыцьцявіць такiя злачынствы». 
            Iрына Красоўская ня лiчыць свайго мужа загiнуўшым. Яна адзначыла: 
              «У мяне няма падставаў лiчыць, што ён забiты. Пакуль я жыву, 
              я буду спадзявацца, што ён таксама жывы». Прысутных на сустрэчы 
              грамадзянаў цiкавiлi перспэктывы расьследаваньня «гучных» 
              крымінальных справаў у Беларусі. Людмiла Карпенка паведамiла, што 
              яна вядзе самастойнае следзтва, аднак на ейную думку, пры сёньняшняй 
              уладзе людзi, якiя шмат маглi б распавесьці, баяцца казаць. 
             
              Хартия-97 
                     |