|   Шэраг вядучых польскіх газэтаў зьмясьцілі матэрыялы, 
              у якіх распавядаецца пра зварот жонак зьніклых беларускіх палітыкаў 
              да прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага. Артыкулы ў гэтай 
              справе зьявіліся, сярод іншых, у аўтарытэтных штодзёньніках «Gazeta 
              Wyborcza», «Zycie» «Rzeczpospolita». «Мы, жонкі беларускіх апазыцыйных дзеячаў, ведаючы спадара Прэзыдэнта 
              як прыхільніка дэмакратычных каштоўнасьцяў, зьвяртаемся з просьбай 
              аб дапамозе. Просім, у часе спатканьня з прэзыдэнтам Пуціным, пры 
              магчымасьці, закрануць пытаньне пра тых апанэнтаў рэжыму, што загінулі, 
              зьніклі ці знаходзяцца зараз у турмах, пра ўдзел у гэтым беларускіх 
              уладаў, а таксама пазыцыю Расеі ў гэтай справе», — цытуе ліст Людмілы 
              Карпенка, Вольгі Захаранкі, Зінаіды Ганчар, Ірыны Красоўскай, Сьвятланы 
              Завадзкай і Тацяны Клімавай «Gazeta Wyborcza».  
            Побач з цытатамі са звароту штодзёньнік зьмяшчае таксама кароткія 
              зьвесткі пра зьніклых ды асуджаных апазыцыйных палітыкаў. Адметна, 
              што матэрыял у гэтай справе «Wyborcza» зьмясьціла побач з матэрыялам 
              пра чарговыя сутычкі ў Бэлфасьце.  
            »Беларуская апазыцыя просіць у Квасьнеўскага дапамогі», — пад гэткім 
              загалоўкам пра зварот беларускіх жанчынаў да Аляксандра Квасьнеўскага 
              распавядае ў сёньняшнім нумары штодзёнтьнік «Zycie».  
            Сярод іншага газэта адзначае, што летась беларуская незалежная 
              прэса, а таксама расейскае тэлебачаньне, распавядалі «эскадроны 
              сьмерці», якія непасрэдна займаліся ліквідацыяй асобаў, невыгодных 
              Аляксандру Лукашэнка, аднак беларуская пракуратура праігнаравала 
              гэтыя паведамленьні.  
            »Zycie» падае таксама камэнтар Першага сакратара польскай амбасады 
              ў Менску Марка Буцько, які адзначае, што польскае дыпляматычнае 
              прадстаўніцтва даўно ўтрымлівае кантакты з падпісанткамі звароту. 
              Паводле спадара Буцько, польская амбасада таксама шматкротна дамагалася 
              ў беларускіх ўладаў згоды на наведваньне праціўнікаў Лукашэнкі, 
              якія сядзяць цяпер у турмах.  
            Варта адзначыць, што ў часе леташняга візыту Аляксандра Квасьнеўскага 
              ў Расею, не было ніводнага паведамленьня пра тое, што ў часе перамоваў 
              прэзыдэнты якім-небудзь чынам закраналі пытаньні, зьвязаныя зь Беларусьсю. 
             
            Магчыма, што гэтым разам, па шматлікіх публікацыях у сродках масавай 
              інфармацыі, сітуацыя зьменіцца на карысьць аўтарак звароту.  
             
            Аляксей Дзікавіцкі 
              «Радыё Свабода» 
                     |