|   Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту, якія знаходзяцца 
              ў Менску, сёньня атрымалі ліст ад жонак зніклых беларускіх дзеячоў, 
              адрасаваны прэзыдэнту Бушу. Жанчыны просяць амэрыканскага лідэра 
              ўзьняць праблемы палітычных рэспрэсіяў у Беларусі падчас сустрэчы 
              з расейскім прэзыдэнтам Пуціным, якая заплянаваная на травень.  
               
              Як паведаміла нашаму радыё Ірына Красоўская, жонка зьніклага бізнэсоўца 
              Анатоля Красоўскага, падчас сустрэчы з намесьнікам памочніка Дзяржсакратара 
              Стывэнам Пайфэрам і кіраўніком аддзелу Беларусі, Малдовы, Расеі 
              й Украіны Дзярждэпартамэнту Грэгам Пэратам абмяркоўвалася тэма палітычных 
              рэспрэсіяў у Беларусі, сытуацыя з расьсьледаваньнем справаў зьніклых. 
             
            (Красоўская: ) «І паколькі мы не задаволеныя тым расьсьледаваньнем, 
              якое праводзіцца тут, і не разьлічваем, што беларускія ўлады будуць 
              праводзіць яго так, як трэба, альбо дапусьцяць сюды незалежных экспэртаў, 
              што мы ўжо неаднаразова прапаноўвалі, таму ў сувязі з гэтым мы папрасілі 
              спадара Пайфэра, па-першае, падтрымаць нашую спробу правядзеньня 
              незалежнага расьсьледаваньня.  
            А па-другое, мы перадалі спадару Пайфэру ліст для спадара Буша, 
              каб ён узьняў пытаньне пра расьсьледаваньне справаў, што датычаць 
              нашых мужоў на травеньскай сустрэчы са спадаром Пуціным. Таму што 
              ў Пуціна ёсьць рэальная магчымасьць уплываць на палітычныя працэсы, 
              якія адбываюцца ў Беларусі», — сказала Ірына Красоўская.  
            Акрамя яе, ліст да прэзыдэнта Буша падпісалі Людміла Карпенка, 
              Вольга Захаранка, Зінаіда Ганчар, Сьвятлана Завадзкая і Тацяна Клімава. 
              Аўтары ліста мяркуюць, што праўда выявіцца толькі тады, калі міжнародная 
              супольнасьць будзе працягваць настойваць на правядзеньні незалежнага 
              міжнароднага расьсьледаваньня.  
            Вынікі размовы са Стывэнам Пайфэрам і Грэгам Пэратам ацэньвае Ірына 
              Красоўская:  
            (Красоўская: ) «Размова гэтая была дастаткова аптымістычнай для 
              нас — можа, нашыя справы з дапамогай міжнародных структураў зрушацца 
              зь мёртвай кропкі».  
            Сёньня ж прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту сустрэліся зь вядомымі 
              апазыцыйнымі дзеячамі: Вінцуком Вячоркам, Уладзімерам Ганчарыкам, 
              Міхаілам Чыгіром, Паўлам Казлоўскім, Міколам Статкевічам. Беларускія 
              палітыкі засьведчылі, што пасьля выбараў становішча ў краіне пагоршылася. 
              Пра свае ўражаньні ад размовы распавядае Вінцук Вячорка:  
            (Вячорка: ) «Спадар Пайфэр пацьвердзіў вельмі ўмеркаваныя спадзевы, 
              што ён пачуе ад кіраўніцтва лукашэнкаўскай улады цьвёрдыя гарантыі 
              дэмакратызацыі ў самой Беларусі. Гэта адпавядае й нашым меркаваньням. 
              Была выказаная таксама цвёрдая пазыцыя падтрымкі дэмакратычных сілаў 
              і дэмакратычнай пэрспэктывы Беларусі».  
            Стывэн Пайфэр цікавіўся ацэнкай сытуацыі з продажам беларускай 
              зброі за мяжу. На гэта Павал Казлоўскі адказаў, што раней, да Лукашэнкі, 
              была празрыстасьць гэтых паставак і выкарыстаньня атрыманых грошай, 
              чаго цяпер няма. Уладзімер Ганчарык мяркуе, што трэба дабівацца 
              празрыстасьці гэтага спэцыфічнага гандлю, і лічыць, што цяперашнім 
              беларускім уладам «ня ўдасца схаваць шыла ў мяшку».  
            А вось Андрэй Саньнікаў ня лічыць, што праблемы продажу беларускай 
              зброі самыя важныя ў беларуска-амэрыканскіх адносінах на гэты момант. 
              Ён браў удзел у сустрэчы супрацоўнікаў Дзярждэпартамэнту з прадстаўнікамі 
              праваабарончых арганізацыяў і незалежных СМІ:  
            (Саньнікаў: ) «Я хацеў бы тут падкрэсьліць, што ў прэсе ўжо прагучала, 
              што нібыта галоўная мэта гэтага візыту — гэта высьвятленьне сытуацыі 
              зь беларускім гандлем зброяй. Не. Тут мэта, як я лічу, іншая. Высокі 
              прадстаўнік Дзярждэпартамэнту пасьля выбараў упершыню наведвае Беларусь, 
              каб праглядзець, што тут зьмянілася, якая сытуацыя зараз. Відавочна, 
              што яго турбуе найперш сытуацыя з правамі чалавека. І гэтыя пытаньні 
              ўздымаліся падчас нашых сустрэчаў».  
            На думку Саньнікава, пераменаў да лепшага ў Беларусі не адбылося, 
              сытуацыя з правамі чалавека пагоршылася.  
              
            Валеры Каліноўскі 
              «Радыё Свабода» 
                     |