|   6 красавіка споўнілася пяць гадоў з дня сьмерці 
              Генадзя Карпенкі — намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 
              13 скліканьня, кіраўніка «ценевага» ўраду Беларусі. Ён памёр раптоўна, 
              ад кровазьліцьця ў мозг. Тады, у 1999 годзе, яму было толькі 49 
              гадоў.  
               
              У студзені 2002 году сям’я Генадзя Карпенкі — жонка Людміла, дачка 
              Тацяна і сын Дзьмітры зьехалі ў Нямеччыну. Рашэньне пра пераезд 
              было прынятае, як гаворыць Людміла Карпенка, пасьля восеньскіх прэзыдэнцкіх 
              выбараў : сям’я пабаялася далей заставацца на радзіме. Цяпер Карпенкі 
              жывуць у нямецкім горадзе Эсьлінген. На маё пытаньне, ці прыстасаваліся 
              яны ўжо да новай краіны, як ім там жывецца, Людміла Карпенка адказвае: 
             
            (Карпенка: ) «Па-рознаму, канечне. Я не баюся за дзяцей, спакойна 
              хаджу па вуліцах, свабодна размаўляю, і па тэлефоне без засьцярогаў, 
              і ў кватэры, зусім ня так, як было ў Беларусі. Абываталя тут, мабыць, 
              усё задаволіла бы. Тых грошай, якія нам даюць, для жыцьця дастаткова: 
              дзеці атрымліваюць стыпэндыю, я — дапамогу».  
            Але, прызнаецца спадарыня Карпенка, ёй вельмі не хапае радзімы. 
              Неўзабавае пасьля сьмерці мужа Людміла стварыла і ўзначаліла Міжнародны 
              фонд імя Генадзя Карпенкі. Арганізацыя аб’яднала жанчын-ахвяраў 
              палітычных рэпрэсіяў. У розных рэгіёнах Беларусі яны правялі больш 
              за пяцьдзясят сустрэчаў. Цяпер, калі непасрэднай сувязі зь Беларусьсю 
              няма, Людміла Карпенка спрабуе фонд захаваць.  
            У Нямеччыне сярод сваіх сяброў спадарыня Карпенка найпер называе 
              былога кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі 
              Ганса-Георга Віка:  
            (Карпенка: ) «Ён здаровы, энэргічны, вельмі шмат езьдзіць, і, канечне, 
              многа дапамагае. І сям’і Захаранкі таксама дапамагае. Я вельмі часта 
              зьвяртаюся да яго, кансультуюся. Дзякуючы яму, я летась зьезьдзіла 
              ў Страсбур. У мяне было туды запаршэньне, калі былі слуханьні ў 
              справе зьніклых і забітых у Беларусі. Мне далі толькі пяць хвілінаў, 
              але я спрабавала, як магла, даказаць, што сьмерць Генадзя Карпенкі 
              — гэта забойства, а не выпадковасьць».  
            Спадарыня Карпенка гаворыць, што да гэтага часу ня мае мэдычнага 
              заключэньня аб сьмерці мужа, хаця двойчы зьвярталася ў паталягаанатамічнае 
              бюро. А ўсе яе звароты ў праваахоўчыя органы Беларусі з просьбай 
              завесьці адпаведную крымінальную справу ні чым станоўчым ня скончыліся. 
              Але Людміла Карпенка верыць у тое, што настане час, калі таямніца 
              сьмерці яе мужа будзе раскрытая:  
            (Карпенка: ) «Думаю, што, можа, калі пачнецца хоць нейкае расьсьледаваньне, 
              людзі пачнуць гаварыць. І справа дойдзе і да Карпенкі. Я проста 
              спадзяюся на гэта».  
            За два гады жыцьця ў Нямеччыне Карпенкаў стала на аднаго больш, 
              у сына Дзьмітрыя нарадзілася дачка. Цяпер у Людмілы Карпенкі тры 
              ўнучкі.  
              
            Даведка Свабоды: Нагадаем, што Генадзь Карпенка быў віцэ-сьпікерам 
              Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, адным зь лідэраў Аб’яднанай 
              Грамадзянскай Партыі. Пасьля канстытуцыйнага рафэрэндуму 1996 году 
              і разгону Вярхоўнага Савету Карпенка ўзначальваў Нацыянальны выканаўчы 
              камітэт «ценевы ўрад» апазыцыі. Ён быў адным з найбольш аўтарытэтных 
              лідэраў апазыцыі, разглядаўся як кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах. 
              Памёр у 1999 годзе на 50-м годзе жыцьця пры загадкавых абставінах. 
              Сям’я Генадзя Карпенкі лічыць, што палітык быў забіты. Жонка і дзеці 
              Карпенкі зьехалі ў Нямеччыну, дзе атрымалі статус палітычных уцекачоў. 
               
             
            Уладзімер Глод 
              «Радыё Свабода» 
                     |