Вольга Захаранка ўжо чатыры гады знаходзіцца ў
Нямеччыне, дзе разам зь сям’ёй яна атрымала палітычны прытулак пасьля
таго, як неўзабаве пасьля зьнікненьня Юрыя Захаранкі зьявіліся пагрозы
і на адрас ягонай сям’і. Цяпер Вольга Захаранка ня можа прыехаць
у Беларусь, але калі яна даведалася, што ў Кіеве ладзіцца канфэрэнцыя
па праблемах беларускіх зьніклых, дык адразу пагадзілася ў ёй удзельнічаць.
Яна была радая сустрэцца там зь Зінаідай Ганчар, Вольгай Завадзкай,
беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі й праваабаронцамі. Спадарыня
Захаранка адчула, што пра яе мужа й іншых зьніклых людзі памятаюць
ды нястомна дабіваюцца ад уладаў праўды пра іхны лёс.
Прайшло болей за пяць гадоў з часу зьнікненьня былога міністра
ўнутраных спраў Беларусі, аднаго зь лідэраў апазыцыі Юрыя Захаранкі,
але ягоная жонка па-ранейшаму не губляе надзеі:
(Вольга Захаранка: ) «Я спадзяюся, так, бо ў мяне як бы іншага
выйсьця няма. Я ўсё ж спадзяюся на тое, што ёсьць вышэйшыя сілы,
што ўсё роўна гэтае злачынства будзе пакаранае. Рана ці позна. Гісторыя
сьведчыць, што калі яго асабіста не пакараюць, то нешта адбудзецца
зь ягонымі нашчадкамі. Я веру ў гэта. Ну і спадзяюся, у мяне ёсьць
спадзяваньне. А раптам. Мёртвым я яго не бачыла».
Вольга Захаранка і ейная малодшая дачка Юлія ўжо два гады жывуць
у Бэрліне, старэйшая дачка Алена засталася ў Мюнстэры, дзе сям’я
апынулася чатыры гады таму, пасьля таго як пакінула Беларусь.
(Вольга Захаранка:) «Нам цяжка было ў Мюнстэры, там адны немцы.
У Бэрліне паболей расейцаў, нават беларусы ёсьць. Нам там лягчэй,
у Бэрліне. Кантактуем з расейскімі сем’ямі, ёсьць у мяне і дзьве
сяброўкі-немкі».
З усёй сям’і Захаранкаў па-нямецку лепей за ўсіх размаўляе пяцігадовы
ўнук экс-міністра, Кірыл — зусім без акцэнту. Вользе Захаранка і
яе дочкам складана знайсьці ў Нямеччыне добрую працу:
(Вольга Захаранка: ) «У Бэрліне вельмі цяжка ўладкавацца на працу,
там нават для карэнных немцаў складана з працай. Таму я пакуль што
на сацыяльным забесьпячэньні, мая старэйшая дачка працуе. Яе спэцыяльнасьць
засталася ў Менску, яна была там інспэктарам па справах непаўналетніх
на транспарце. Тут жа працуе афіцыянткай. І малодшая дачка таксама».
Спадарыня Захаранка зазначае, што ў далейшым яе дочкі плянуюць
вучыцца.
Часам Вольга Захаранка размаўляе зь Людмілай Карпенка, якая таксама
атрымала прытулак у Нямеччыне й жыве ў Штутгарце. Разам з Карпенка
яна жадае і надалей займацца палітычнай дзейнасьцю «супраць рэжыму
Лукашэнкі», як яна кажа, выступаць у нямецкіх СМІ.
У Беларусі ў спадарыні Захаранка засталіся блізкія сваякі: маці
і сястра, а таксама сьвякруха — маці Юрыя Захаранкі, якой яны тэлефануюць
кожны тыдзень. Боль вялікай страты ў Вольгі Захаранка не загаіўся.
Да афіцыйнага беларускага сьледзтва ў справе зьнікненьня ейнага
мужа ў спадарыні Захаранка няма ніякага даверу.
(Вольга Захаранка: ) «Яны, па-мойму, замятаюць свае сьляды, вось
якое ідзе расьсьледаваньне. Яны замятаюць сьляды, яны не даюць ходу
расьсьледаваньню. Я да іх не спрабавала зьвяртацца й ніколі ня буду.
Таму што я ўпэўненая, чыіх рук гэта справа. Як я магу зьвяртацца
да сваіх ворагаў, якія выкралі й зьнішчылі майго мужа?»
Спадарыня Захаранка абвінавачвае ў арганізацыі гэтага злачынства
асабіста Аляксандра Лукашэнку.
(Вольга Захаранка: ) «Мой муж не загінуў бязь вестак, яго выкралі
структуры Лукашэнкі».
Заклікі Хрыстаса Пургурыдэса з ПАРЭ аб міжнародных санкцыях супраць
уладаў Беларусі знайшлі водгук у ейнай душы, спадарыня Вольга лічыць
іх эфэктыўным сродкам змаганьня з рэжымам:
(Вольга Захаранка: ) «Натуральна, што я падтрымліваю, а як жа,
гэта проста мая мара. Пакуль гэтая ўлада знаходзіцца ў Беларусі,
ніякага зруху наконт майго мужа, наконт іншых выкрадзеных ня можа
быць, і я ніколі ў жыцьці не даведаюся, хто канкрэтна гэта зрабіў
і што адбылося».
Высока ацэньваючы пазыцыю Захаду, спадарыня Захаранка спадзяецца,
што і ў Расеі нарэшце зразумеюць, каго яны падтрымліваюць у Беларусі,
і што ў беларускім грамадзтве таксама кардынальна зьменіцца стаўленьне
да Аляксандра Лукашэнкі.
(Вольга Захаранка:) «Такія людзі як ён не мяняюцца. Вы ж бачыце,
што робіцца. А будзе яшчэ горш. Але і ягоная сытуацыя пагаршаецца.
Я спадзяюся, што людзі зразумеюць, на каго яны паставілі. Гэта мая
надзея, я толькі ёю і жыву, што нарэшце прыйдзе канец гэтаму рэжыму.
З майго пункту гледжаньня, страшнаму рэжыму».
Валер Каліноўскі
«Радыё Свабода»
|