26 ліпеня кіраўніца Офісу грамадзкага зьвінаваўцы
ў нямецкім горадзе Эсьлінгэне Людміла Карпенка — удава вядомага
беларускага палітыка Генадзя Карпенкі — зьвярнулася зь лістом да
амбасадара Грэцыі ў Расеі й Беларусі. Яна просіць не выдаваць уязное
грэцкае візы міністру спорту й турызму Юр’ю Сівакову, які, магчыма,
датычны да зьнікненьняў вядомых беларускіх палітыкаў.
Міністар Сівакоў ачольвае беларускую спартовую дэлегацыю, якая накіроўваецца
ў Афіны, дзе з 13 да 29 жніўня пройдуць чарговыя летнія Алімпійскія
гульні.
У сваім лісьце амбасадару Грэцыі Людміла Карпенка нагадвае, што
ў справаздачы адмысловай групы Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы
Юры Сівакоў падазраецца ў датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў беларускіх
уладаў.
(Карпенка: ) «Датычна падазронага Сівакова грамадзкім зьвінаваўцам
23 ліпеня пачата крымінальнае расьсьледаваньне. Таму я пісьмова
папрасіла спадара амбасадара адмовіць яму ва ўязной візе да высьвятленьня
ўсіх абставінаў гэтай крымінальнай справы. Трэба дамагчыся, каб
тыя, хто перашкаджае ажыцьцяўленьню правасудзьдзя й, магчыма, мае
дачыненьне да цяжкіх злачынстваў, добра ведалі пра хуткую адказнасьць,
а не раз'яжджалі па Грэцыях і не ганьбілі нашых славутых спартоўцаў».
У амбасадзе Грэцыі ў Расейскай Фэдэрацыі 26 ліпеня мне паведамілі,
што факсавы ліст ад спадарыні Карпенкі атрымалі, але пакуль гэтага
пытаньня не разглядалі.
Паказальна, што яшчэ два тыдні таму спадар Сівакоў сьцьвярджаў,
быццам ня мае й не выказваў асабістага жаданьня на выезд у Грэцыю,
але калі прэзыдэнт Лукашэнка спыніцца на ягонай кандыдатуры, то
ехаць давядзецца…
Уладзімер Глод
«Радыё Свабода»
|