Паплечнікі і сябры Генадзя Карпенкі адзначылі шостую гадавіну ягонай сьмерці
6 апреля 2005

На Ўсходніх могілках Менску, дзе пахаваны былы віцэ-сьпікер парлямэнту Беларусі і кіраўнік «ценевага» ўраду Генадзь Карпенка, 6 красавіка сабраліся яго паплечнікі і сябры — дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў, прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, навукоўцы, спартоўцы…


Былы памочнік Генадзя Карпенкі Валеры Костка, які працаваў побач зь ім, калі Карпенка быў мэрам Маладэчна, і пазьней — віцэ-сьпікерам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, прынёс да помніка чырвоныя гвазьдзікі. Спадар Костка адзначае надзвычайную камунікабэльнасьць, якая была ўласьціва Карпенку:

(Костка: ) «Ён умеў працаваць з усімі: і з апазыцыяй, і з уладай, і з аднадумцамі, і зь людзьмі, якія крыху інакш альбо наагул інакш думаюць. Ён умеў аб’ядноўваць. Ён нёс нейкі станоўчы зарад чалавечай энэргіі, які стварае, працуе на будучыню. Людзі да яго гарнуліся. І сам па сабе ён быў відны, моцны, здаровы чалавек...»

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Павал Знавец згадвае, якія вялікія палітычныя пэрспэктывы адкрываліся перад Карпенкам:

(Знавец: ) «Генадзь Карпенка быў рэальным кандыдатам у прэзыдэнты, які мог перамагчы Лукашэнку. Ён быў апірышчам, душой Вярхоўнага Савету. Што магло адбыцца, калі б Карпенка быў жывы? Пытаньне гэтае ўжо ва ўмоўным ладзе — мы ня можам цяпер меркаваць. Я ня схільны да такога падыходу. Адно зразумела: мы згубілі найвыдатнейшага чалавека».

Яшчэ адзін дэпутат, Вячаслаў Герасіменка, разам з Генадзем Карпенкам уваходзіў у фракцыю «Грамадзянскае дзеяньне», якая вызначалася сваімі дэмакратычнымі падыходамі да разьвіцьця Беларусі:

(Герасіменка: ) «Я перакананы ўжо гадоў сем-восем мінімум: сярод беларускіх палітыкаў не было і няма роўных Генадзю Карпенку ў пляне чалавечнасьці, інтэлекту. Калі б Карпенка быў сёньня жывы...»

Кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі пасьля ўскладаньня кветак адразу скіравалася на Кастрычніцкую плошчу сталіцы, дзе ўвечары павінна адбыцца акцыя «Ланцуг неабыякавых людзей», прысьвечаная памяці Генадзя Карпенкі.