|   7 ліпеня дэпутаты Эўрапарлямэнту прагаласавалі 
              за рэзалюцыю па Беларусі, якая прысьвечаная палітычнай сытуацыі 
              ў краіне і незалежным сродкам масавай інфармацыі. Эўрапарлямэнт 
              выказвае занепакоенасьць у зьвязку з разьвіцьцём палітычных падзеяў 
              у Беларусі. Што канкрэтна прадугледжвае гэты дакумэнт? 
             
              Кіраўнік дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю парлямэнтар з Польшчы 
              Богдан Кліх падкрэсьлівае, што за прыняцьцё рэзалюцыі прагаласавала 
              абсалютная бальшыня сябраў Эўрапарлямэнту:  
            (Кліх: ) «Амаль што аднагалосна. Было два галасы супраць і тузін-паўтара 
              тых, хто ўстрымаўся. Супэрпосьпех!»  
            Я спытаў кіраўніка дэлегацыі, што, на ягоны погляд, ёсьць найважнейшым 
              у прынятым дакумэнце.  
            (Кліх: ) «Найважнейшым ёсьць тое, што Эўрапарлямэнт падтрымаў свабоду 
              слова ў Беларусі, а менавіта — заклік да Эўракамісіі й Рады Эўразьвязу 
              да падтрымкі праекту стварэньня радыёстанцыяў, якія будуць трансьляваць 
              з Польшчы і Літвы, а ў будучыні з Украіны, незалежныя праграмы на 
              Беларусь».  
            У прынятай рэзалюцыі дэпутаты «рашуча асуджаюць нападкі ўладаў 
              на сродкі масавай інфармацыі, журналістаў, апазыцыянэраў, праваабаронцаў 
              і ўсіх тых, спрабуе крытыкаваць прэзыдэнта і яго рэжым». Таксама 
              асуджаюцца дзеяньні беларускіх уладаў адносна Саюзу палякаў Беларусі 
              і прысуды Мікалаю Статкевічу, Паўлу Севярынцу і Андрэю Клімаву. 
             
            Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікаюць кіраўніцтва Эўразьвязу прыняць 
              праграму падтрымкі незалежных беларускіх мэдыяў, якая б прадугледжвала 
              дапамогу незалежным журналістам і выданьням, фінансавую падтрымку 
              інтэрнэт-праектаў, стварэньне ў сумежных зь Беларусьсю краінах тэле– 
              і радыёвяшчаньня на Беларусь.  
            Эўрапарлямэнт заклікае выканаўчыя органы Эўразьвязу «ўзьняць беларускае 
              пытаньне падчас сустрэч з прадстаўнікамі Расеі і выпрацаваць супольныя 
              дзеяньні дзеля дасягненьня канкрэтных дэмакратычных зьменаў у краіне». 
             
            Калі ж беларускія ўлады не палепшаць сытуацыю са свабодай слова, 
              то ўсім структурам Эўразьвязу прапануецца пашырыць сьпіс беларускіх 
              чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу.  
            Сёньняшні дзень у Страсбуры называюць беларускім. І для гэтага 
              ёсьць падставы. Раніцай перад будынкам Эўрапейскага парлямэнту прадстаўнікі 
              дэмакратычнай беларускай дыяспары, бальшыня зь якіх прыехала з суседняй 
              Бэльгіі, правялі пікет, прысьвечаны 5-й гадавіне зьнікненьня тэлеапэратара 
              Зьмітра Завадзкага. Яны трымалі партрэты Зьмітра, бел-чырвона-белыя 
              сьцягі ды лёзунгі з заклікам да эўрапейскіх дэпутатаў дапамагчы 
              зрабіць Беларусь вольнай і дэмакратычнай.  
            Тэму палітычна матываваных зьнікненьняў у Беларусі працягнула ў 
              сваім выступе Ірына Красоўская — кіраўніца грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем!», жонка бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які зьнік 
              разам з апазыцыйным палітыкам Віктарам Ганчаром у 1999 годзе. Спадарыня 
              Красоўская сёньня выступіла перад дэпутатамі, якія ўваходзяць у 
              склад дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю, з дакладам пра сытуацыю 
              ў Беларусі:  
            (Красоўская: ) «Я гаварыла, як заўсёды, пра парушэньні правоў чалавека, 
              пра тое, што Беларусь — гэта апошняя дыктатура ў Эўропе, якая не 
              зьвяртае аніякай увагі на папярэджаньні міжнародных структураў. 
              Тым ня менш, людзі Беларусі спадзяюцца, што будуць жыць у вольнай 
              і дэмакратычнай краіне. І таму сёньняшняя рэзалюцыя вельмі важная, 
              паколькі гэта рэальны крок для стварэньня незалежнай інфармацыйнай 
              прасторы, для стварэньня радыё– і тэлестанцыі па-за межамі Беларусі, 
              на мяжы з нашымі суседзямі, а таксама для стварэньня незалежнага 
              друку ў Беларусі. Мы спадзяемся на тое, што грамадзянская супольнасьць 
              зможа зьмяніць сытуацыю ў краіне, калі будзе мець доступ да праўдзівай 
              інфармацыі».  
            Я спытаўся спадарыню Красоўскую, ці задавалі ёй пытаньні ўдзельнікі 
              паседжаньня:  
            (Красоўская: ) «Было шмат пытаньняў пра ролю Расеі ў працэсе дэмакратызацыі. 
              Пыталіся пра моладзь, пра яе ўдзел у фармаваньні дэмакратычнай супольнасьці, 
              пра законы, якія не дазваляюць правядзеньня вулічных акцый».  
            Уладзімер Глод, Менск 
              svaboda.org 
             
                     |