|   Сёньня перад будынкам Эўрапейскага парлямэнту прадстаўнікі 
              дэмакратычных сілаў Беларусі правядуць пікет, прысьвечаны 5-й гадавіне 
              ад часу зьнікненьня тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага. Тэма палітычна 
              матываваных зьнікненьняў у Беларусі таксама будзе закранутая і на 
              самім паседжаньні Эўрапарлямэнту ў францускім Страсбуры. 
              У Страсбуры знаходзіцца Ірына Красоўская, адна з лідэраў грамадзянскай 
              ініцыятывы «Мы памятаем», жонка бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, 
              які зьнік разам з апазыцыйным палітыкам Віктарам Ганчаром у 1999 
              годзе. Яна выступіць на сёньняшнім паседжаньні Эўрапарлямэнту з 
              дакладам пра сытуацыю ў Беларусі.  
              (Красоўская: ) «Я зноў зьбіраюся выступіць па праблемах правоў чалавека, 
              таму што мы бачым, што сытуацыя не паляпшаецца, а пагаршаецца. Пасьля 
              апошняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнта мы зноў атрымалі новыя доказы таго, 
              што ўлады не зьбіраюцца паляпшаць сытуацыю з правамі чалавека. Напрыклад, 
              пасьля апошняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнта мы атрымалі чатырох новых 
              палітычных вязьняў, таксама павялічваецца ціск на незалежныя мэдыі, 
              таксама зачыняюцца недзяржаўныя арганізацыі. Я лічу, пакуль сытуацыя 
              з правамі чалавека не будзе паляпшацца мы павінны аб гэтым гаварыць 
              ва ўсіх міжнародных структурах, уключаючы Эўрапарлямэнт, які якраз 
              мае рэальныя рычагі ўзьдзеяньня».  
              Сёньня ж эўрапарлямэнтары мусяць прагаласаваць за рэзалюцыю па Беларусі, 
              якая прысьвечана палітычнай сытуацыі ў краіне і незалежным сродкам 
              масавай інфармацыі ў Беларусі. Дакумэнт распрацаваны дэлегацыяй 
              па сувязях з Беларусьсю з удзелам шэрагу фракцыяў Эўрапарлямэнту. 
               
              Учора тэкст гэтага дакумэнта быў прадстаўлены парлямэнту. Паводле 
              кіраўніка дэлегацыі па сувязях з Беларусьсю Богдана Кліха, у гэтай 
              рэзалюцыі, між іншым, асуджаюцца дзеяньні беларускіх уладаў, якія 
              пагаршаюць свабоду прэсы, а таксама перашкаджаюць працы Саюза палякаў 
              Беларусі. У дакумэнце прапануецца стварыць магчымасьці для падтрымкі 
              і адукацыі беларускіх журналістаў. У якасьці крыніцаў незалежнай 
              інфармацыі прапануецца арганізаваць вяшчаньне радыёстанцый і падтрымаць 
              інтэрнэт-праекты. Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі 
              супраць маладых людзей, якіх выключаюць з навучальных установаў 
              за палітычныя перакананьні. Эўрапарлямэнтары заклікаюць Эўракамісію 
              і Раду Эўразьвязу прыняць канкрэтныя меры па выпраўленьні сытуацыі 
              ў Беларусі.  
            Алесь Дашчынскі, Менск 
              svaboda.org 
                     |