|   Сёньня ў Менску супрацоўнікі АМАПу разагналі акцыю «Ланцуг неабыякавых людзей», прымеркаваную да пятай гадавіны зьнікненьня 
              тэлеапэратара ОРТ Зьмітра Завадзскага. Пад час разгону адзін з супрацоўнікаў 
              АМАПу ўдарыў у твар жонку Завадзкага — Сьвятлану. 
             
              Каля 30 ўдзельнікаў «Ланцугу неабыякавых людзей» прастаялі з партрэтамі 
              Зьмітра Завадзскага і Веранікі Чаркасавай на Кастрычніцкім пляцы 
              толькі некалькі хвілінаў. Некалькі дзесяткаў амонаўцаў адразу пачалі 
              выціскаць людзей з пляцу.  
            (Спадарыня: ) «Куды вы нас гоніце, хлопцы?»  
            (Спадарыня: ) «Не чапайце мяне.»  
            (Спадар: ) «Гэта сапраўдны бандытызм».  
            Калі адбываўся разгон акцыі, на ўвесь пляц гучалі навіны тэлеканала 
              ОНТ.  
            Адзін з амапаўцаў ударыў у твар Сьвятлану Завадзкую і зьмяў партрэт 
              яе мужа Зьмітра Завадзскага.  
            (Завадзкая: ) «Фашысты! Вы толькі ўмееце забіваць людзей, а не 
              абараняць… Я не магу стаяць з партрэтам свайго мужа. У мяне няма 
              нават такой магчымасьці ў гэтай краіне.»  
            Гаворыць прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімер 
              Дзюба.  
            (Дзюба: ) «Гэта дзікунства, тое, што адбылося. Адзін з амапаўцаў 
              ударыў у твар жонку Дзімы Завадзкага. Гэта вельмі брыдка і нізка. 
              Так не павінны рабіць людзі, якія мусяць абараняць грамадзкі спакой 
              і грамадзянскія правы. Усё наадварот, атрымоўваецца».  
            Супрацоўнікі АМАПу прымусілі ўдзельнікаў акцыі дайсьці да Траецкага 
              прадмесьця. У той жа час каля дзесяці чалавек заставаліся стаяць 
              на Кастрычніцкай плошчы. Сярод іх Анатоль Лябедзька.  
            (Лябедзька: ) «Што адбывалася… Спрабавалі ўсіх накіраваць адтуль. 
              Я ня ведаю, чаму гэтае месца? Відаць, Аляксандру Рыгоравічу не падабаецца, 
              калі на Кастрычніцкім пляцы ёсьць іншая думка і людзі, якія ня хочуць 
              глядзець вачыма Аляксандра Рыгоравіча. Тое, што адбываецца, гэта 
              палітычная шызафрэнія».  
            Сярод тых, хто браў удзел у «Ланцугу неабыякавых людзей», прымеркаваным 
              да пятай гадавіны зьнікненьня Зьмітра Завадзскага — ягоныя калегі-журналісты, 
              сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі БНФ, Кансэрватыўна-хрысьціянскай 
              партыі БНФ, Андрэй Клімаў, Валер Шчукін ды іншыя апазыцыйныя актывісты. 
             
            Ганна Соусь, Менск 
              svaboda.org  
                     |