Сьвятлана Завадзкая зьвярнулася са скаргай у гарадзкую
пракуратуру Менску. Яна патрабуе распачаць крымінальную справу супраць
амонаўца, які ўдарыў яе ў твар падчас разгону акцыі, прысьвечанай
5-й гадавіне зьнікненьня яе мужа, апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.
8 ліпеня Сьвятлана Завадзкая занесла скаргу ў пракуратуру Менску
на імя сталічнага пракурора Куліка. Яна патрабуе прыцягнуць да адказнасьці
амонаўца, які зьбіў яе ўчора на Кастрычніцкай плошчы. Сьвятлана
Завадзкая стаяла ў ланцугу неабыякавых людзей з партрэтам свайго
мужа, калі іх акружылі амонаўцы і гвалтам пачалі выціскаць з Кастрычніцкай
плошчы. Сьвятлана крычала «Не чапайце!», але амонаўцы працягвалі
сваю справу. Вось што жанчына згадвае пра далейшае:
(Завадзкая: ) «Першы ўдар быў вельмі балючы, таму потым я вельмі
дрэнна нават разумела, што вакол адбывалася. Ужо сёньня мне распавялі,
як там было, што ён мяне яшчэ хацеў ударыць, а другі штурхануў у
плячо. Зь цяжкасьцю гэта згадваю, бо вакол была такая «куча мала».
Удары па твары Сьвятланы Завадзкай пацьвердзілі дактары, да скаргі
яна прыклала вынікі мэдычнага агляду. Адвакат Завадзкай Гары Паганяйла
лічыць, што ёсьць усе падставы для завядзеньня крымінальнай справы.
(Паганяйла: ) «Сіла была ўжытая супраць абсалютна мірных людзей,
ужытая беспадстаўна. У нас ёсьць здымак гэтага чалавека, ён мае
званьне старшыны, высьветліць ягоную асобу будзе ня цяжка».
»Нам шкада гэтага міліцыянта. Ён толькі выконваў загад», — пракамэнтавалі
сытуацыю ў прэсавым цэнтры менскай міліцыі, аднак прозьвішча міліцыянта,
якога Сьвятлана Завадзкая абвінавачвае ў зьбіцьці, не паведамілі.
Паводле зьвестак з гарадзкой міліцыі, на гэтага міліцыянта першай
нібыта «напала Сьвятлана Завадзкая і разьбіла яму да крыві губу».
Сюжэт пра гэтыя падзеі ўчора паказаў расейскі тэлеканал ОРТ. Сьвятлана
Завадзкая лічыць, што на гэтых здымках добра відаць, што вінаватыя
амонаўцы.
Нагадаем, нядаўна міністар унутраных справаў Беларусі падпісаў
адмысловы загад аб ветлівым абыходжаньні супрацоўнікаў міліцыі з
грамадзянамі. Варта нагадаць таксама, што раней са скаргамі на незаконныя
дзеяньні міліцыі зьвярталіся ў пракуратуру апазыцыянэры Анатоль
Лябедзька, Валер Шчукін, журналіст Юры Сьвірко, актывісты моладзевых
арганізацыяў Франак Вячорка, Зьміцер Чарткоў ды іншыя. Ні ў водным
з гэтых выпадкаў міліцыянты не былі пакараныя.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
svaboda.org
|