Кіраўніца грамадзкай ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына
Красоўская ў Вашынгтоне суcтрэлася з намесьнікам дзяржаўнага сакратара
ЗША ў палітычных пытаньнях Нікаласам Бёрнзам.
Ірына Красоўская распавяла спадару Бёрнзу пра сытуацыю за зьніклымі
беларускімі апазыцыянэрамі. Спадар Бёрнз выслухаў зьвесткі пра зьбіцьцё
беларускімі амонаўцамі Сьвятланы Завадзкай, жонкі зьніклага апэратара
ОРТ Зьмітра Завадзкага.
Паводле Ірыны Красоўскай, высокапастаўлены амэрыканскі чыноўнік
выказаў сур’ёзную заклапочанасьць становішчам з грамадзянскімі правамі
ў Беларусі і запэўніў у падтрымцы волі беларускага народу да дэмакратызацыі
і пакараньня вінаватых у зьнікненьнях.
Сёньня, 1 жніўня, у Менску адбудзецца акцыя падтрымкі Сьвятланы
Завадзкай, якая 7 ліпеня была зьбітая амонаўцам. Сьвятлана Завадзкая
зьвярнулася ў пракуратуру з заявай на незаконныя дзеяньні міліцыянта,
але праверка інцыдэнту дагэтуль не завершаная.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
svaboda.org |