Пракуратура адмовіла Сьвятлане Завадзкай у завядзеньні
крымінальнай справы супраць амонаўца, які яе зьбіў. Намесьнік пракурора
Цэнтральнага раёну Менску Аляксей Волкаў сёньня ў інтэрвію радыё
Свабода пацьвердзіў, што Сьвятлане Завадзкай адмоўлена ў завядзеньні
крымінальнай справы супраць амонаўца, які 7 ліпеня ўдарыў яе ў твар.
Пасьля трохтыднёвай праверкі пракуратура прыйшла да высновы, што
ў гэтым няма складу злачынства.
Рашэньне адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы супраць амонаўца
было прынятае 29 ліпеня, але Сьвятлане Завадзкай пра гэта афіцыйна
не паведамілі. Спадарыня Завадзкая зьбіраецца абскардзіць гэтае
рашэньне ў вышэйшай інстанцыі.
Сьвятлана Завадзкая атрымала ад амонаўца ўдар кулаком у твар 7
ліпеня, падчас разгону акцыі памяці на Кастрычніцкім пляцы Менску,
прысьвечанай пятай гадавіне зьнікненьня яе мужа — апэратара расейскай
тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага.
Спадарыня Завадзкая зафіксавала пабоі і падала ў пракуратуру заяву
з просьбаю завесьці супраць гэтага міліцыянта крымінальную справу.
Пракурорская праверка цягнулася амаль тры тыдні і скончылася адмовай
у завядзеньні крымінальнай справы.
Раней прадстаўнікі Менскай гарадзкой управы ўнутраных справаў заяўлялі,
што ў інцыдэнце вінаватая сама Сьвятлана Завадзкая, якая, нібыта,
справакавала амонаўца на бойку і той мусіў бараніцца.
Альгерд Невяроўскі, Менск
svaboda.org
|