Ствараецца грамадзкі трыбунал для расьследаваньня зьнікненьняў
13 октября 2005

Палітычная рада дэмакратычных сілаў Беларусі ўхваліла ініцыятыву стварэньня грамадзкага трыбуналу ў справе расьсьледаваньня зьнікненьняў і сьмерцяў беларускіх апазыцыянэраў.

Ініцыятыва стварэньня грамадзкага трыбуналу належыць удаве Генадзя Карпенкі Людміле. Яна прапанавала стварыць такую структуру, якая б магла падрыхтаваць дакумэнтальную базу для будучых судовых працэсаў над арганізатарамі і замоўцамі палітычных забойстваў у Беларусі ў 1999 і 2000 гадах. 12 кастрычніка Палітрада дэмакратычных сілаў, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў дзесяці апазыцыйных партыяў і арганізацыяў, аднагалосна падтрымала гэтую ініцыятыву Людмілы Карпенкі.

Лідэр партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін гэтак пракамэнтаваў рашэньне Палітрады:

(Калякін: ) «Праблема зьніклых палітыкаў вельмі актуальная для Беларусі. Вядомыя людзі зьніклі, пра іх няма ніякіх зьвестак, а ўлады ня толькі фактычна не вядуць расьсьледаваньня, але і робяць ўсё, каб грамадзкасьць пра іх забыла. Не. Мы хочам ведаць праўду і хочам, каб людзі, якія ў гэтым вінаватыя, панесьлі адказнасьць».

Мяркуецца, што грамадзкі трыбунал зьбярэ паказаньні сьведкаў і тых людзей, якія мелі дачыненьне да расьсьледаваньня справаў зьніклых. У тым ліку Людміла Карпенка прапанавала адмыслова апытаць сьведкаў, якія зьехалі за мяжу, баючыся перасьледу беларускіх уладаў. Вельмі істотнымі лічыць іх паказаньні Сьвятлана Завадзкая, жонка зьніклага ў 2000 годзе апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

(Завадзкая: ) «Сапраўды, шмат хто зьехаў за мяжу. Паводле маіх падлікаў, ня меней як пяць-шэсьць чалавек зь іх вельмі важныя — гэта тыя, хто бачылі матэрыялы справаў, прычым бачылі тыя матэрыялы, якія потым зьніклі. Прыкладам, як было са справай майго мужа. Гэта будзе карысна для расьсьледаваньняў і для іх асабіста таксама, бо чым болей будзе да іх грамадзкай увагі, тым болей абароненымі яны будуць».

Ад 2001 году зь Беларусі зьехалі былыя сьледчыя пракуратуры Алег Случак і Зьміцер Петрушкевіч, былы супрацоўнік КДБ Генадзь Угляніца, апазыцыянэр Андрэй Жарнасек, былы начальнік сьледчага ізалятару МУС Алег Алкаеў. Усе гэтыя людзі, паводле зьвестак, мелі дачыненьне да расьсьледаваньняў справаў зьніклых апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Мяркуецца, што грамадзкі трыбунал пачне зьбіраць зьвесткі і пра раптоўную сьмерць у 1999 годзе намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Генадзя Карпенкі, які нечакана памёр за месяц да выкраданьня Юрыя Захаранкі.


Алег Грузьдзіловіч
«Радыё Свабода»