|   На менскіх вуліцах моладзь раздае ўлёткі з заклікам 
              далучыцца да Дня салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў. 
              Людзям прапануюць 16 кастрычніка а 8-й вечара на пятнаццаць хвілінаў 
              выключыць сьвятло ў кватэры і запаліць у вокнах сьвечкі. Палітыкі 
              прагназуюць, што ў акцыі могуць узяць удзел каля 5% насельніцтва. 
            Сябра моладзевай арганізацыі «Зубр» Мікіта Сасім, адзін з арганізатараў 
              акцыі салідарнасьці, паведаміў «Радыё Свабода», што напярэдадні 
              акцыі ідзе інтэнсіўная праца. Сам ён тры дні адседзеў у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку 
              за тое, што скінуў з даху будынку побач з КДБ улёткі з заклікам 
              удзельнічаць у акцыі.  
            »У часе распаўсюду інфармацыі некалькіх чалавек затрымалі. Людзей 
              затрымліваюць, складаюць пратаколы і адбіраюць тую частку друкаванай 
              прадукцыі, якую знайшлі. Як адзін з арганізатараў акцыі, я вельмі 
              разьлічваю, што людзі, якія атрымалі ўлёткі і ведаюць пра акцыю, 
              падтрымаюць яе і возьмуць у ёй удзел», — паведаміў Сасім. 
            Каардынатар «Хартыі’97» Зьміцер Бандарэнка мяркуе, што ў акцыі 
              будзе ўдзельнічаць каля 5% насельніцтва краіны.  
            »Я думаю, што пра гэтую акцыю даведаюцца недзе 20% насельніцтва 
              Беларусі, а 5% возьмуць удзел. На жаль, амаль усе дэмакратычныя 
              газэты зачынены. На сёньняшні дзень апазыцыя ня мае электронных 
              сродкаў масавай інфармацыі. Але тут інфармацыя распаўсюджваецца 
              ад чалавека да чалавека», — кажа Сасім. 
            У акцыі возьмуць удзел вядомыя пісьменьнікі і дзеячы культуры. 
             
            Апазыцыйныя палітыкі, якіх міжнародныя праваабарончыя арганізацыі 
              прызналі палітвязьнямі, таксама падтрымаюць акцыю. Мікола Статкевіч 
              у Баранавічах адбывае пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацый 
              18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. 
              Ён паведаміў «Радыё Свабода», што будзе ўдзельнічаць у акцыі салідарнасьці, 
              нягледзячы на тое, што а 8-й вечара мусіць быць у інтэрнаце спэцкамэндатуры. 
             
            »У нядзелю а 8-й вечара я паспрабую ўзяць удзел у гэтай акцыі. 
              Выключу сьвятло ў сваім пакоі. Спадзяюся пераканаць сваіх суседзяў, 
              што гэта зрабіць неабходна. На жаль, запаліць сьвечку не дазволена 
              правіламі ўнутранага распарадку. Нельга туды прыносіць і мабільныя 
              тэлефоны. Думаю, што нейкае выйсьце мы прыдумаем», — сказаў Статкевіч. 
            Такая акцыя салідарнасьці ўпершыню праводзіцца ў Беларусі. Арганізатары 
              акцыі паведамілі, што не разьлічваюць адразу на вялікую колькасьць 
              удзельнікаў. Яны спадзяюцца, што акцыя стане першым крокам на шляху 
              пераадоленьня страху ў грамадзтве.  
            Падобныя акцыі раней праводзіліся ў розных краінах. Звычайна заклікаюць 
              выключыць сьвятло ў кватэрах на знак спачуваньня сем’ям загінулых 
              у часе буйных тэрактаў альбо катаклізмаў. Але акцыі салідарнасьці 
              з выключэньнем сьвятла і запальваньнем сьвечак праводзіліся там, 
              дзе было супрацьстаяньне ўлады і грамадзтва — так было ў Чылі, у 
              Польшчы і ў Чэхаславаччыне. Арганізатары акцыі 16 кастрычніка запэўнілі «Радыё Свабода», што будуць выкарыстоўваць досьвед барацьбы з таталітарнымі 
              рэжымамі іншых краінаў былога сацыялістычнага блёку. Плянуецца праводзіць 
              акцыі штомесяц 16 чысла. 
             
            Радио «Свабода» 
                     |