|  
             
  | 
            »Учора ўсе мы запалілі свечку свабоды. Гэта быў 
              добры час, каб ціха, без мітусні прыгадаць усіх, каго сёння няма 
              з намі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Добры 
              час, каб падумаць аб будучыні нашай краіны,» — заявіла жонка зніклага 
              бізнэсоўца і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, лідэр грамадзянскай 
              ініцыятывы «Мы помнім» Ірына Красоўская. Дзень салідарнасці з беларускімі 
              палітвязнямі, зніклымі апазіцыянерамі, іх сем’ямі, незалежнымі журналістамі, 
              з усімі, хто змагаецца за дэмакратыю прайшоў 16 кастрычніка ва ўсім 
              свеце. У 20.00 у шмат якіх вокнах пагасла святло і запаліліся свечкі 
              з верай ў свабодную дэмакратычную будучыню нашай краіны. Акцыю актыўна 
              падтрымалі ў шмат якіх беларускіх гарадах — Горадні, Берасці, Віцебску, 
              Гомлі, Магілёве, Баранавічах, Барысаве, Пінску, Полацку, Лідзе, 
              Слоніме, Жодзіне, Оршы, а таксама ва ўсіх раёнах Менска. У некаторых 
              дамах у цэнтры Менска і ў мікрараёнах Уручча, Малінаўке, Шабанах, 
              Паўднёвым Захадзе і Сухарава пагаслі амаль усе вокны. Акцыі салідарнасці 
              з Беларуссю прайшлі ў розных кропках планеты. Свечы свабоды былі 
              запаленыя ў ЗША, Канадзе, Нідэрландах, Германіі, Швецыі, Польшчы, 
              Украіне, Расіі і іншых краінах. 
            »Я думаю, што Дзень салідарнасці — гэта вельмі добрая нагода для 
              кожнага чалавека, каб яшчэ раз падумаць аб тым, чаго ён хоча для 
              сабе, для сваіх дзяцей, для сваёй краіны. Я атрымала шмат паведамленняў 
              і тэлефанаванняў ад людзей з розных краінаў — Грузіі, Украіны, Літвы, 
              Латвіі, Эстоніі, Швецыі, ЗША, Германіі, Бельгіі, іншых краін. Сёння 
              зранку, калі я даведалася, што адбылося ў Беларусі, аб падтрымке 
              гэтай акцыі розўнымі краінамі, у мяне з’явіліся адчуванні радасці 
              і хвалявання, якія ўзнікаюць толькі тады, калі адчуваеш вялікую 
              падтрымку, калі разумееш, што ты маеш рацыю, што шмат хто думае 
              як ты і салідарны з табою. Я думаю, гэта толькі пачатак. Мы будзем 
              працягваць акцыі салідарнасці. І кожная з іх дадасць нам прыхільнікаў,» 
              — упэўненая Ірына Красоўская. 
            Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі прапанавалі правесьці 
              16 кастрычніка 2005 году Дзень салідарнасьці з беларускімі палітзьняволенымі, 
              зьніклымі апазыцыянэрамі, іх сем’ямі, незалежнымі журналістамі, 
              з усімі, хто змагаецца за Свабоду і Дэмакратыю ў Беларусі. Красоўская, 
              каардынатар руху «Зубр» Мікіта Сасім і вядомая журналістка Ірына 
              Халіп на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заклікалі беларусаў на знак 
              салідарнасьці 16 кастрычніка ў 20.00 выключыць на 15 хвілінаў сьвятло 
              ў сваёй кватэры і паставіць на падваконьне запаленую сьвечку. 
            Хартия-97  |