|   Учора ў некалькіх польскіх гарадах прайшлі акцыі 
              салідарнасьці з сем’ямі зьніклых беларускіх палітыкаў сем’ямі палітвязьняў 
              і ўсімі, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі. 
             
              Каля сотні ў асноўным маладых людзей прыйшлі на вуліцу Новы сьвят 
              — гэта ў самым цэнтры Варшавы. Прысутныя трымалі бела-чырвона-белыя 
              сьцягі, транспарант з надпісамі »Мы салідарныя зь Беларусьсю». Удзельнікі 
              акцыі выцягнуліся ў жывы ланцуг ўздоўж «Новага сьвяту», трымаючы 
              сьвечкі белага і чырвонага колераў.  
            Вось што сказаў нашаму радыё Антось Цялежнікаў — адзін з кіраўнікоў 
              Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі — арганізацыі, якая наладзіла 
              акцыю ў Варшаве.  
            (Цялежнікаў: ) «Як вы бачыце, тут сёньня большасьць моладзі, студэнтаў, 
              якія яшчэ год таму бралі ўдзел у акцыях у падтрымку украінскай рэвалюцыі. 
              Я спадзяюся, што нашыя акцыі, нашыя захады прынясуць вынік, падобны 
              да ўкраінскага. Сьвечка -, гэта сымбаль надзеі, сымбаль надзеі на 
              вольную, дэмакратычную Беларусь».  
            Большасьць удзельнікаў учорашняй акцыі — гэта маладыя палякі. Я 
              запытаўся ў варшаўскай студэнткі Караліны, чаму яна вырашыла ўзяць 
              удзел у жывым ланцугу салідарнасьці зь Беларусьсью.  
            (Караліна: ) «Я ўжо амаль пяць гадоў падтрымліваю беларускую апазыцыю, 
              і калі адбываюцца нейкія беларускія акцыі, дэманстрацыі, дык лічу 
              патрэбным і важным узяць у іх удзел».  
            Пастаяўшы пэўны час у ланцугу са сьвечкамі, удзельнікі акцыі зь 
              беларускімі нацыянальнымі сьцягамі накіраваліся ў бок старога гораду, 
              дзе адбываўся ўрачысты канцэрт з нагоды Дня Папы — сьвята, якое 
              адзначаецца ў дзень нараджэньня Яна Паўла ІІ. Там, каля касьцёла 
              сьвятой Ганны, які наведваў Папа ў часе адной са сваіх пілігрымак 
              на радзіму, сьвечкі былі выстаўленыя ў тры паласы — белую, чырвоную 
              і белую.  
            Падобныя акцыі ў той самы час адбыліся ў Беластоку, Лодзі, Гдыні 
              і Ўроцлаве.  
             
              Аляксей Дзікавіцкі 
              «Радыё Свабода»
  |