|   А 17-й гадзіне ў Капэнгагене на 51-й сэсіі ПА НАТО 
              была прынятая рэзалюцыя па Беларусі. У дакумэнце даецца крытычная 
              ацэнка палітычнай сытуацыі ў Беларусі, аўтары заклікаюць беларускае 
              кіраўніцтва «неадкладна вызваліць з-за кратаў усіх палітзьняволеных, 
              паскорыць расьсьледаваньні палітычных зьнікненьняў, а таксама спыніць 
              рост колькасьці міліцэйскіх падразьдзяленьняў у Беларусі».  
            Як вынікае з тэксту дакумэнту, парлямэнтары краінаў Паўночнаатлянтычнага 
              альянсу «глыбока шкадуюць», што ў выніку палітыкі афіцыйнага Менску 
              шлях інтэграцыі Беларусі як эўрапейскай краіны, непасрэднай суседкі 
              Эўразьвязу і НАТО, у сям’ю эўрапейскай дэмакратыі надзвычай ускладнены. 
             
            Парлямэнтары НАТО заклікаюць Лукашэнку і ягоны ўрад забясьпечыць 
              свабоду і празрыстасьць выбарчага працэсу ў адпаведнасьці зь міжнароднымі 
              стандартамі, аднавіць дэмакратыю і прававыя нормы ў Беларусі, гарантаваць 
              абарону правоў чалавека, незалежнасьць судовай улады, неадкладна 
              вызваліць з-пад арышту ўсіх палітзьняволеньных, паскорыць расьсьледаваньні 
              палітычных зьнікненьняў у Беларусі і прыцягнуць да суду асобаў, 
              адказных за гэтыя зьнікненьні, а таксама спыніць рост колькасьці 
              міліцэйскіх падразьдзяленьняў у Беларусі, альбо гэтак званую «мілітарызацыю 
              ўнутранай палітыкі».  
            Парлямэнтары НАТО выступаюць за супрацоўніцтва зь беларускімі няўрадавымі 
              арганізацыямі, у тым ліку за ўсебаковую падтрымку двухбаковых моладзевых, 
              студэнцкіх, навуковых абменаў, кантактаў у галіне малога і сярэдняга 
              бізнэсу.  
            У дакумэнце аддаецца ўвага пытаньню распаўсюджаньня праўдзівай 
              і незалежнай інфармацыі, пераадоленьня дзяржаўнай манаполіі ў гэтай 
              сфэры. 
            На прапанову аднаго з аўтараў праекту дакумэнта нідэрляндзкага 
              дэпутата Бэрта Кундэрза з праекту рэзалюцыі быў цалкам зьняты пункт «7b» — заклік да парлямэнтаў і ўрадаў абмежаваць кантакты з афіцыйным 
              Менскам.  
            »Гэта была мая прапанова. Пасьля размоваў і ваганьняў я прыйшоў 
              да высновы, што падобны пункт можа выклікаць шмат цяжкасьцяў для 
              тых людзей, якія хочуць шмат зрабіць для Беларусі. Справа ў тым, 
              што нам патрэбныя самыя шырокія кантакты з гэтай краінай, каб Беларусь 
              не апынулася ў поўнай ізаляцыі. Як вынік, мы зьнялі гэты пункт. 
              Увесь астатні тэкст рэзалюцыі быў прыняты бязь зьменаў. Дадам, што 
              ў часе пленарнага паседжаньня быў складзены ліст да беларускага 
              прэзыдэнта Лукашэнкі. Мы азнаёмілі яго з рэзалюцыяй, а таксама выказалі 
              сваё жаданьне як парлямэнтароў НАТО назіраць за будучымі прэзыдэнцкімі 
              выбарамі. Аднак мы спачатку хочам убачыць пазытыўную рэакцыю беларускага 
              боку на нашы патрабаваньні», — паведаміў Бэрт Кундэрз «Радыё Свабода». 
            Ад Беларусі на сэсію ПА НАТО былі запрошаныя лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай 
              грамады Станіслаў Шушкевіч і жонка зьніклага беларускага журналіста, 
              заснавальніца журналісцкага фонду імя Зьмітра Завадзкага Сьвятлана 
              Завадзкая.  
            У Капэнгагене Завадзкая і Шушкевіч сустрэліся са старшынём ПА П’ерам 
              Лелюшам, генсакратаром Асамблеі Сымонам Лунам, аўтарамі праекту 
              рэзалюцыі па Беларусі Бэртам Кундэрзам і Маркусам Мэкелем, а таксама 
              прадстаўнікамі Сэнату і Кангрэсу ЗША, удзельнікамі шэрагу парлямэнцкіх 
              дэлегацыяў. 
             
              «Радыё Свабода» 
             |