Януш Бугайскі, дырэктар Амэрыканскага Цэнтру стратэгічных
і міжнародных дасьледаваньняў, бачыць дзьве асноўныя прычыны, чаму
Лукашэнка дамагаецца прыняцьця апошніх паправак да Крымінальнага
кодэксу Беларусі.
«Адна з характарыстык савецкага рэжыму і пост-савецкіх рэжымаў
сёньняшніх Беларусі і Расеі тая, што яны хочуць выглядаць як мага
больш легітымнымі і папулярнымі,» — кажа Януш Бугайскі. «Вядома,
Лукашэнка можа зачыніць усе газэты і недзяржаўныя і палітычныя арганізацыі
адным махам, але ён выбірае працэс, які прыкрываецца законнасьцю.
У гэтай гульні Беларусь і Расея адна адну падтрымліваюць і ва ўнутранай,
і ў міжнароднай палітыцы. Другая прычына — страх. Нягледзячы на
тое, што ён і бяз новых паправак можа забараніць усялякую апазыцыю,
ён, як і кожны дыктатар, баіцца, што сытуацыя можа выйсьці з-пад
яго кантролю».
На думку Бугайскага, улады будуць ужываць гэтыя папраўкі для стрымліваньня
таго, што засталося ад незалежных мэдыяў, грамадзянскай супольнасьці,
і здушэньня публічных пратэстаў, калі фальсыфікацыя выбараў стане
відавочнай. Ён лічыць, што закон таксама мае на мэце адштурхнуць
міжнародныя арганізацыі ад падтрымкі беларускай апазыцыі і маніторынгу
выбараў. Для Лукашэнкі было б лепей, калі б міжнародная супольнасьць
ігнаравала яго выбары, чым назірала за імі і абвясьціла іх нелегітымнымі.
З гэтага пункту гледжаньня, лічыць Бугайскі, Захаду павінен наадварот
узмацніць свой уплыў, а не дыстанцыявацца ад працэсаў у Беларусі
на падставе таго, што Беларусь не выконвае міжнародныя пагадненьні. «Мы, і ЗША, і Эўропа, маем быць яшчэ больш інтэнсыўна заангажаваныя
ў супрацоўніцтва з апазыцыяй і незалежнымі маніторынгавымі арганізацыямі.
Пакуль гэта не адбываецца на ўзроўні, які я б хацеў бачыць. Але
да выбараў яшчэ засталося трохі часу, каб ЗША і Эўразьвяз выпрацавалі
ўзгодненую палітыку».
Спадар Бугайскі лічыць, што Захаду варта было б выпрацаваць палітыку
ізаляцыі кіруючай клікі і набліжаных да Лукашэнка асоб, але бюракратыі
і некаторым сябрам Вярхоўнага савету прапанаваць альтэрнатыву кантактаў
з Захадам. На яго думку, поўная ізаляцыя цалкам паверне бюракратыю
да Лукашэнкі і Расеі. «Калі паглядзець на нашыя дачыненьні з камуністычнымі
краінамі 70-80-х гадоў, тады існавала палітыка заангажаванасьці
і матывацыі асобных афіцыйных асоб праводзіць рэформы».
Алеся Сёмуха
радио «Свабода»
|