Сёньня ў будынку «Радыё Свабода — Радыё Свабодная
Эўропа» адбыўся круглы стол на тэму «Узмацненьне пераходу да дэмакратыі».
Яго разам з нашым радыё арганізавалі Інстытут Эўрапейскай палітыкі
EUROPEUM зь сядзібай у Празе і Асацыяцыя цэнтраў палітычнага плянаваньня
на карысьць адкрытага грамадзтва (PASOS).
У міжнародным круглым стале «Узмацненьне пераходу да дэмакратыі»
бралі ўдзел палітолягі, экспэрты і дыпляматы з Чэхіі, Славаччыны,
ЗША, Вялікай Брытаніі й Расеі. Беларусь прадстаўляў міжнародны каардынатар «Хартыі-97», былы віцэ-міністар замежных справаў Беларусі Андрэй
Саньнікаў.
Галоўныя тэмы круглага стала — падсумаваньне досьведу новай хвалі
ўсходнеэўрапейскіх рэвалюцыяў апошніх сямі гадоў і пэрспэктывы дэмакратызацыі
Беларусі.
Адкрыў форум Павал Дэмэш, дырэктар аддзелу Цэнтральнай і Ўсходняй
Эўропы амэрыканскага фонду Маршала. Ён зазначыў, што пашырэньне
дэмакратыі ў сьвеце становіцца ўсё больш актуальным пытаньнем. Важным
крокам у гэтым працэсе сталася пашырэньне Эўразьвязу на краіны Ўсходняй
Эўропы. Разам з тым, як сьведчаць сацыялягічныя апытаньні, жыхары
заходніх дэмакратычных краінаў у пераважнай большасьці выступаюць
супраць ужываньня сілавых мэтадаў у пашырэньні дэмакратыі.
Прааналізаваўшы вынікі новых рэвалюцыяў (1998 году ў Славаччыне,
2000-га году ў Сэрбіі, 2003 году ў Грузіі і 2004-га ва Ўкраіне),
Павал Дэмэш выдзеліў пяць характэрных асаблівасьцяў:
– усе яны былі мірныя,
— яны мелі значны грамадзянскі кампанэнт і адбыліся дзякуючы намаганьням
грамадзянскай супольнасьці,
— яны адбыліся падчас або ў сувязі з выбарамі,
— у іх удзельнічала шмат моладзі — людзей з новым бачаньнем сьвету,
— яны мелі праэўрапейскую накіраванасьць.
У іншых постсавецкіх краінах высновы з гэтых падзеяў зрабілі ня
толькі апазыцыя, але і ўлады, якія робяць актыўныя намаганьні не
дапусьціць падобных падзеяў у сваіх краінах — як гэта можна цяпер
заўважыць у Беларусі.
На круглым стале шмат гаварылася пра магчымую палітыку заходніх
краінаў у дачыненьні да Беларусі. Аляксандар Вондра, былы віцэ-міністар
замежных справаў Чэхіі і былы амбасадар гэтай краіны ў ЗША зьвярнуў
увагу на балянс дэмакратыі і стабільнасьці ў пэўнай краіне — чым
больш дэмакратыі, тым менш стабільнасьці, і наадварот. Паводле сп.
Вондры, Захаду цяпер варта было б не імкнуцца любым коштам захаваць
у Беларусі стабільнасьць, як гэта было дагэтуль, а зрабіць стаўку
на дэмакратызацыю.
Некалькі ўдзельнікаў зьвярнулі ўвагу на канкрэтныя рычагі ўзьдзеяньня
Захаду на беларускія ўлады. Паводле Андрэя Саньнікава, больш актыўную
ролю маглі б адыгрываць амбасадары заходніх краінаў у Менску. Яшчэ
адзін важны фактар — гандлёва-эканамічныя дачыненьні Беларусі з
краінамі Эўразьвязу, якія Захад мог бы больш актыўна выкарыстоўваць
для ціску на Менск.
Падчас круглага стала ня раз рабіліся спробы знайсьці ў найнавейшай
гісторыі аналёгію цяперашняй сытуацыі ў Беларусі. Найбліжэйшы прыклад
быў знойдзены ў Польшчы часоў ваеннага становішча пачатку 80-х гадоў
і ў брэжнеўскім Савецкім Саюзе.
***
Пасьля круглага стала на пытаньні «Радыё Свабода» адказаў міжнародны
каардынатар «Хартыі-97» Андрэй Саньнікаў.
(Шупа: ) «Падчас сёньняшняй канфэрэнцыі неаднаразова адзначалася,
што Расея мае эфэктыўныя эканамічныя і палітычныя рычагі ўзьдзеяньня
на Беларусь. Разам з тым Вы зазначылі, што спадзявацца на тое, што
Расея паспрыяе дэмакратызацыі ў Беларусі, або што яна ня будзе падтрымваць
на выбарах Лукашэнку — не выпадае…»
(Саньнікаў: ) «Я назваў гэта станоўчым чыньнікам. Чаму? Бо цяпер
ня трэба спрабаваць дамаўляцца, зацікавіць Расею. Гэта фактар у
нас ужо ёсьць — у нас ня будзе падтрымкі з боку Расеі.
Будзе, мабыць, спроба гандлю з Лукашэнкам. Але гэта не паўплывае
на нас. Я кажу пра сёньняшняе кіраўніцтва, а менавіта пра Крэмль
і прэзыдэнта Расеі.
А што тычыцца ўплыву і тое, што Расея выкарыстоўвае свае эканамічныя,
перш за ўсё нафтавыя магчымасьці, каб уплываць на Эўропу, то гэта
таксама мае межы. Таму што так наўпрост ставіць перад Эўропай пытаньне
наконт прынцыпаў, на якіх будуецца Эўропа, і нафтай ды газам, якія
ідуць з Расеі, то гэта ня можа не справакаваць адмоўных наступстваў.
А Расея апошнім часам рабіла гэта, я б сказаў нават, недыпляматычна.
Выказвалася думка, што інтарэсы Эўропы падпарадкаваныя залежнасьці
ад энэргетычных магчымасьцяў Расеі. Гэта ня так. Я хацеў бы быць
упэўненым, што гэта ня так. Цяпер і Эўропа вельмі занепакоена такім
пытаньнем».
(Шупа: ) «І што ў такой сытуацыі Эўропа і Захад наагул маглі б
зрабіць і якім чынам паўплываць станоўча на сытуацыю ў Беларусі?»
(Саньнікаў: ) «Мы сёньня казалі пра гэта падчас круглага стала.
Ёсьць ужо тыя накірункі, якія былі эфэктыўнымі ў мінулым. Перш за
ўсё нам патрэбная салідарнасьць: такая салідарнасьць, якая была
пад час падзеяў у Польшчы ў 1990-х, і тое, што зараз адбываецца
ў пэўных момантах у Беларусі, напрыклад, салідарнасьць зь беларускім
ліцэем імя Коласа. Гэта вельмі добра, што ёсьць магчымасьць у ліцэістаў
працягваць навучаньне за межамі. Ёсьць падтрымка і для таго, каб
навучаньне працягвалася ў Беларусі. Або, напрыклад, тая салідарнасьць,
што зараз выказваюць з Тацянай Хомай, якую выключылі зь Беларускага
дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту.
Такія прыклады вельмі важныя для грамадзтва. Я думаю, яны дадуць
пэўны эфэкт.
(Шупа: ) «Ці адной такой салідарнасьці будзе дастаткова?»
(Саньнікаў: ) «Ведаеце, праз салідарнасьць могуць вырашацца і іншыя
праблемы, таму што менавіта яна павінна быць падмуркам для ўсіх
іншых дзеяньняў. І тады ў ЗША і Эўразьвязу могуць быць зусім іншыя
размовы з Расеяй у пытаньні Беларусі».
Сяргей Шупа
Радыё «Свабода»
|