|   Сёньня ў Стакгольме ў часе цырымоніі ўручэньня 
              прэстыжнай ўзнагароды «За правільнае выжываньне» (The Right Livelihood 
              Award), больш вядомай як «Альтэрнатыўная нобэлеўская ўзнагарода», 
              у якой бралі ўдзел сотні вядомых грамадзкіх дзеячаў, палітыкаў з 
              усяго сьвету, амаль паўгадзіны часу было прысьвечана Беларусі. 
             
              Альтэрнатыўную нобэлеўскую ўзнагароду даюць «За дзейнасьць на карысьць 
              плянэты і чалавецтва», тым, хто «карыстаецца прынцыпам, што кожны 
              чалавек павінен рабіць сваю справу цалкам паважаючы іншых людзей 
              і навакольнае асяродзьдзе».  
            Сёлета прэмія — яе памер — 230 тысячаў амэрыканскіх даляраў — прысуджалася 
              25-ы раз, а яе ляўрэатамі сталі пяцёра праваабаронцаў і эколягаў 
              з Канады, Мэксыкі, Малайзіі і Батсваны.  
            У часе ўрачыстай цырымоніі ў парлямэнце Швэцыі перад прысутнымі 
              выступіла вядомая швэдзкая журналістка і фатограф Марыя Содэрбэрг, 
              якая расказала прысутным пра гісторыю Беларусі, але таксама і пра 
              цяперашнюю сытуацыю ў краіне, адначасова прэзэнтуючы дзесяткі фотаздымкаў 
              зь Беларусі.  
            (Содэрбэрг: ) «Таксама як мы, скандынавы, беларусы любяць прыроду. 
              Беларусь — гэта як скарбонка, якую Эўропа, сьвет, павінны адчыніць. 
              На жаль, нягледзячы на тое, што гэтая краіна знаходзіцца ў цэнтры 
              Эўропы, замежнікам ня так проста туды прыехаць. Скажу больш — цяпер 
              мы рызыкуем ніколі не пабачыць гэтую краіну на ўласныя вочы. Беларусь 
              хутка ідзе да таго, чым быў Савецкі Саюз у 1970-я гады».  
            У часе прамовы, спадарыня Содэрбэрг закранула, сярод іншага, тэму 
              Курапатаў, палітзьняволеных, зьніклых палітыкаў, перасьледу незалежных 
              мэдыяў і апазыцыі, а таксама выключэньня студэнтаў з ВНУ за грамадзкую 
              актыўнасьць.  
            (Содэрбэрг: ) «Каб выжыць, у Беларусі трэба вельмі ўважліва сачыць 
              за тым, што робіш. Кожны дзень. Каб, прыкладам, крый божа, не пасварыцца 
              з усемагутнай мясцовай адміністрацыяй, якая нават не выбіраецца 
              народам, а прызначаецца зь Менску».  
              Марыя Содэрбэрг сказала беларускай «Свабодзе», што рэакцыя на яе 
              выступ была пазытыўнай — шмат хто з прысутных зьвяртаўся з дадатковымі 
              пытаньнямі ў часе перапынкаў.  
            Чаму арганізатары вырашылі прысьвяціць столькі часу размове пра 
              сытуацыю ў Беларусі — раней гэта ніколі не рабілася? Гаворыць адзін 
              з арганізатараў цырымоніі, дэпутат швэдзкага парлямэнту Окі Пэтэрсан. 
             
            (Пэтэрсан: ) «Такія прамовы вельмі важныя, бо Беларусь дагэтуль 
              застаецца чорнай плямай на мапе Эўропы, дзе парушаюцца асноўныя 
              правы чалавека. Пра гэта трэба размаўляць, каб у сьвеце ведалі, 
              што трэба дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасьці. Тым 
              больш, што ў наступным годзе ў Беларусі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары». 
             
              Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё «Свабода» 
                     |