10 сьнежня — Міжнародны дзень правоў чалавека.
Пачатак яго быў закладзены ў 1948 годзе, калі Генэральная асамблея
ААН прыняла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека і вызначыла гэты
дзень як Міжнародны дзень правоў чалавека. Праваабаронцы па ўсім
сьвеце разам з палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі ладзяць разнастайныя
акцыі — маніфэстацыі, пікеты, канфэрэнцыі, прымаюць заявы і заклікі
ў абарону людзей, чые правы парушаюцца. У Мінску на прасьпекце Незалежнасьці
каля будынку Міністэрства ўнутраных справаў вядомыя беларускія праваабаронцы
раздавалі мінакам надрукаваную справаздачу спэцыяльнага дакладчыка
па Беларусі Камітэту ў справе правоў чалавека ААН Адрыяна Севярына
на беларускай мове.
Нагадаем, што беларускія ўлады адмівілі спадару Севярыну ва ўездзе
на Беларусь пад час падрыхтоўкі ім гэтай справаздачы. Адзін з асобнікаў
справаздачы быў перададзены праз дзяжурнага супрацоўніка МУС міністру
Уладзіміру Навумаву.
Усяго праваабаронцы раздалі каля 1400 асобнікаў гэтай брашуры,
каб людзі змаглі азнаёміцца з праблемай правоў чалавека на Беларусі
і яе аналізам еўрапейскімі структурамі.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў назіралі за акцыяй, але перашкодаў
не чынілі.
У гэты ж дзень Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў выступіў з
заявай, у якой Беларусь названая адной з краін, дзе перасьледуюцца
змагары за правы чалавека. Раней на гэтым тыдні і група нобэлеўскіх
ляўрэатаў зьвярнула ўвагу на парушэньні правоў працоўных у Беларусі.
Хартия-97 |