|   Пяты год у турмах адбываюць пакараньне людзі, якіх 
              прызналі вінаватымі ў бандытызьме і выкраданьні апэратара тэлеканалу 
              ОРТ Зьмітра Завадзкага — гэтак званая банда Ігнатовіча. Ніводны 
              зь іх сваёй віны не прызнаў. Сьледзтва не дало адказу на пытаньне, 
              які ж лёс напаткаў Завадзскага пасьля ягонага зьнікненьня. Наш карэспандэнт 
              сустрэўся з бацькамі асуджаных, якія ў адзін голас кажуць пра рэпрэсіі, 
              што ў апошні час абрынуліся на іх сыноў у турме. 
             
              Валянціна Поклад адна гадавала двух сыноў. Старэйшы Максім, былы 
              лейтэнант міліцыі, надзея і апора — цяпер у дваццаці кілямэтрах 
              ад дому — адбывае ў жодзінскай турме пажыцьцёвае пакараньне разам 
              з Валерам Ігнатовічам. Валянціна Поклад кажа: зь Ігнатовічам яе 
              сын толькі знаёмы, ніякім выкраданьнем, а тым больш забойствам людзей 
              яны не займаліся, а ўсяго зьезьдзілі раз ў Чачню, спрабавалі наняцца 
              кантрактнікамі ў расейскае войска, каб зарабіць грошы.  
            (Поклад: ) «Калі арыштавалі Максіма, гэта было 8 верасьня 2000 
              году. Там сьледчы Бранчаль заявіў мне, што сыну высунутае абвінавачваньне, 
              але зусім не па Завадзкаму, зусім не па забойствам, а па эпізодзе 
              з супрацоўнікам міністэрства культуры Грачовым, што яго вывозілі 
              ў лес і катавалі. Гэта было 13 траўня. Мяне спыталі, дзе сын быў 
              13 траўня, і толькі праз месяц я згадала».  
            Потым Валянціна Поклад прадставіць сьледзтву і сьведкаў, якія пацьвердзяць, 
              што сын у той дзень езьдзіў да сваякоў ў вёску, але гэтыя паказаньні 
              судом ня будуць улічаныя. Жанчына мяркуе: таму, што яны разыходзіліся 
              з вэрсіяй, паводле якой Ігнатовіч помсьціў Завадзкаму.  
            У Чачню Ігнатовіч ды іншыя пасьля асуджаныя выправіліся неўзабаве 
              пасьля таго, як зьнік Завадзкі. Але ў Чачні Ігнатовічу і ягоным 
              сябрам не пашанцавала: мала што іх не ўзялі ваяваць, дык яшчэ затрымалі 
              аўтамабіль ды ўчынілі ўсім пасажырам дэталёвую праверку. У выніку 
              зьвесткі пра беларускіх спэцназаўцаў у Чачні сталі вядомыя ў Беларусі. 
              І калі Ігнатовіч вярнуўся, яго, а пасьля іншых, затрымалі. З Чачнёй 
              сьледзтва злучыла і падставу да помсты журналісту. У адным інтэрвію 
              Зьміцер сапраўды згадаў, што падчас камандзіроўкі у Чачню бачыў 
              там беларускіх спэцназаўцаў. Паводле сьледзтва, ён меў на ўвазе 
              Ігнатовіча з саўдзельнікамі і тыя нібыта не даравалі апэратару... 
             
            Да чачэнскай вандроўкі групы Ігнатовіча датычны і асноўны рэчавы 
              доказ, прад’яўлены сьледзтвам на карысьць вэрсіі пра выкраданьне 
              Завадзкага. Гэта рыдлёўка зь біялягічным рэчывам журналіста, нібыта 
              знойдзеная ў багажніку аўтамабіля Ігнатовіча. Але ніхто з групоўкі 
              не пацьвердзіў, што бачыў яе там.  
            (Поклад: ) «Рыдлёўку, гэтую, лічу падкінулі. Першае, машыну аглядалі 
              яшчэ ў Чачні і апісалі, што там было, і тады рыдлёўку не знайшлі. 
              Але нават калі ўявіць, што Ігнатовіч гэта зрабіў, то, ўлічваючы 
              ягоны досьвед працы ў органах, ён бы гэтую рыдлёўку ў багажніку 
              не трымаў».  
            Маці Максіма Маліка таксама перакананая, што Ігнатовіча даводзяць 
              да заўчаснай сьмерці, каб назаўсёды прывязаць яго да выкраданьня 
              Завадзкага і адвесьці падазрэньні ад сапраўдных злачынцаў. Я спытаў 
              у жанчыны, а што адбываецца ў турме зь яе сынам?  
            (Валянціна Поклад: ) « Максіма пазбавілі перадачы. Вось да Новага 
              году я мусіла яму адвезьці перадачу харчовую, адзіную ў гаду, пазбавілі. 
              Цяпер я ведаю чаму. У іх там новы корпус будавалі, і вязьняў задзейнічалі 
              на будоўлі, дык Максім адмовіўся. Я разгубілася, дык на спатканьні 
              нават размаўляць не магла. А ён тлумачыць: «Разумееш, атрымоўваецца, 
              што я сваімі рукамі будую сабе турму.» Але ня толькі камэра ўзьдзейнічае. 
              На іх жа ўсіх працягваюць ціснуць сьледчыя».  
            Ці сапраўды сьледчыя пракуратуры працягваюць сустракацца з асуджанымі 
              за выкраданьне Зьмітра Завадзкага? У пракуратуры Беларусі мне пацьвердзілі, 
              што справа не закрытая і сьледчыя дзеяньні па ёй працягваюцца, але 
              не ўдакладнілі, якія менавіта. Я паспрабаваў атрымаць камэнтары 
              да прэтэнзіяў з боку сваякоў Ігнатовіча і ягоных саўдзельнікаў ў 
              сьледчага Уладзіміра Чумачэнкі зь менскай пракуратуры. Уладзімір 
              Чумачэнка удзельнічаў у расьсьледаваньні справы Завадзкага і перакананы, 
              што працу сваю зрабіў сумленна. А падрабязьней размаўляць на гэтую 
              тэму сьледчы адмовіўся.  
            (Чумачэнка: ) « Па гэтай не закрытай справе не хацелася б пакуль 
              даваць інтэрвію, таму, прабачце, нічога казаць ня буду. А што да 
              прэтэнзіяў сваякоў, дык хіба яны могуць быць аб’ектыўнымі? Хіба 
              бацькі што скажуць супраць сваіх дзяцей?»  
            А ці згодна з высновай суда маці Зьмітра Завадзкага? Вольга Завадзкая 
              прысутнічала на працэсе і мяркуе, што на лаве падсудных былі не 
              ўсе вінаватыя ў выкраданьні яе сына.  
            (Вольга Завадзкая : ) «У мяне няма сумневу, што ў гэтай справе 
              вінаваты ня толькі Ігнатовіч з саўдзельнікамі. А што да таго, што 
              на іх ідзе прэсінг і ціск, то, зразумела, яны непажаданыя».  
            У Ігнатовіча за паўгода працэсу было некалькі адвакатаў, але іхныя 
              прозьвішчы бацькі не назвалі. А вось маці Максіма Маліка згадала: 
              сына бараніў барысаўскі адвакат Ігар Іваноў. Мне ўдалося зь ім злучыцца, 
              але камэнтар адваката да справы быў кароткім, хаця і паказальным. 
             
            (Іваноў: ) «Вы мусіце разумець, што я не магу выказваць сваё меркаваньне, 
              паколькі мушу падтрымліваць меркаваньне свайго кліента. А ягоная 
              пазыцыя — гэта непрызнаньне віны цалкам, у поўным аб’ёме».  
            Паводле Валянціны Поклад ад яе сына Максіма Маліка ўжо даўно не 
              было лістоў, таму яна непакоіцца, ці не патрапіў сын ў карцэр. А 
              вось маці другога саўдзельніка Ігнатовіча, Аляксея Гуза, дакладна 
              ведае, што яе сын цяпер сядзіць ў карцэры. Толькі за што — ёй невядома. 
             
             
              Алег Грузьдзіловіч 
              «Радыё Свабода» 
             
                     |