Дзейная Канстытуцыя патрабуе, каб прэзыдэнцкія
выбары адбыліся не пазьней як за два месяцы да заканчэньня паўнамоцтваў
кіраўніка дзяржавы — гэта значыць, да 20 ліпеня. Ці могуць выбары
адбыцца раней, у Канстытуцыі не патлумачана. Гэтым і скарысталіся
дэпутаты, якія на сёньняшнім пазачарговым паседжаньні Палаты прызначылі
выбары на 19 сакавіка.
Уладзімер Канаплёў, які вёў паседжаньне, паведаміў: экспэрты ў правядзеньні
выбараў прызналі, што гэта найлепшы час для такіх кампаніяў. Намесьнік
старшыні парлямэнцкай камісіі Іван Семяненя прывёў шэраг аргумэнтаў
на карысьць такой даты. У прыватнасьці, ён адзначыў, што, калі выбары
прызначыць на ліпень, дык асноўны пэрыяд падрыхтоўкі да іх прыпадзе
на лета, а гэта — пара адпачынкаў:
(Семяненя: ) «Частка выбарчых участкаў будзе ў студэнцкіх інтэрнатах.
А паколькі студэнты разьяжджаюцца падчас летніх вакацыяў, дык можа
атрымацца так, што ўчасткі наагул ня будуць функцыянаваць. Да таго
ж шмат пэдагогаў уваходзяць у склад выбарчых камісіяў, а ім патрэбна
займацца тэставаньнем, падрыхтоўкай да ўступных экзамэнаў ды іншым.
Акрамя таго, восеньню 2006 году пачнецца падрыхтоўка да выбараў
у мясцовыя саветы. Правядзеньне дзьвюх выбарчых кампаніяў у адзін
год з такім маленькім прамежкам вельмі напажадана».
Сем дэпутатаў, якія выступілі ў спрэчках, ад Сяргея Гайдукевіча
да Анатоля Салаўёва, падтрымалі прапанову. У прыватнасьці, Вольга
Абрамава адзначыла, што хаця шмат хто і чакаў, што выбары будуць
прызначаныя на лета, але палітычныя партыі Беларусі «заўжды мабілізаваныя
і змогуць актыўна ўдзельнічаць у гэтай кампаніі».
А дэпутат Валянціна Качан з парлямэнцкай трыбуны нават чытала вершы:
(Качан: ) «Як лекар і жанчына, я хачу зьвярнуць увагу на яшчэ адзін
момант. Я вось цяпер сяджу, слухаю, а ў галаве чамусьці словы песьні: «И даже пень в весенний день березкой снова стать мечтает…» Таму,
мне здаецца, што буслы прыносяць дзяцей менавіта ўвесну, і таму,
калі ты плянуеш сям’ю і хочаш стабільнасьці ў ёй, дык гэта лепш
за ўсё рабіць увесну».
Дэпутат Сяргей Касьцян падкрэсьліў, што Камуністычная партыя Беларусі,
у якую ён уваходзіць, яшчэ ў кастрычніку на сваім зьезьдзе выказалася «за як мага больш хуткае правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў» і назвала
сваім кандыдатам Аляксандра Лукашэнку:
(Касьцян: ) «І як кіраўнік славянскага руху ў нашай рэспубліцы,
я заяўляю, што мы падтрымліваем і дату правядзеньня выбараў, і мы
будзем таксама працаваць на кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі».
Уладзімер Глод
«Радыё Свабода»
|