«Джынсавая рэвалюцыя» — гэта загаловак артыкулу,
зьмешчанага на старонках польскага цэнтрысцкага выданьня «Gazeta
Wyborcza». З публікацыяй знаёміць Радыё Палёнія.
«Беларусы патрабуюць нашай падтрымкі, так як год таму яе патрабавалі
ўкраінцы. Зь Беларусяй будзе больш цяжка, але дамо рады», — пераконваюць
маладыя людзі. Варшаўскія беларусы і ўкраінцы ўпершыню разам арганізоўваюць
супольную дэманстрацыю.
Ніхто не павінен зьдзіўляцца, калі сёньня атрымае SMS-паведамленьне
наступнага зьместу: «У пятніцу, 16 сьнежня, ва ўсёй Польшчы й Эўропе
будзем дэманстраваць сваю салідарнасьць зь Беларусяй. Прыйдзі а
18.00 пад будынак Бэльвэдэру. Перадай згаданую інфармацыю іншым».
Калі нехта не атрымае згаданага SMS-паведамленьня, хай перапіша
яго з газэты й адправіць сваім сябрам. Такім чынам ён возьме ўдзел
у вялікай акцыі падтрымкі беларускай апазыцыі.
16-ы дзень месяца — гэта ў Беларусі асаблівы дзень — 16 сьнежня
1999 году ў нявысьветленых умовах зьнік былы старшыня Цэнтральнай
выбарчай камісіі Віктар Ганчар і бізнэсмэн Анатоль Красоўскі. Кожны
год у гэты дзень праходзілі дэманстрацыі пад назовам «Мы памятаем».
Апошнім разам у Менску міліцыя жорстка разагнала некалькі дзесяткаў
дэманстрантаў і адабрала ў іх забароненыя бел-чырвона-белыя сьцягі.
Менавіта тады адзін з апазыцыянэраў узьняў замест сцяга сваю джынсавую
куртку.
«Шмат маладых людзей, якія хочуць прадэманстраваць свой пратэст
у дачыненьні да рэжыму, апранае нешта джынсавае. Апрача таго, з
16-га кастрычніка кожны месяц а 20.00 гадзіне людзі ў Беларусі выключаюць
сьвятло й ставяць на падаконьніках сьвечкі. У гэты час па ўсім сьвеце
мы арганізоўваем дэманстрацыі падтрымкі,» — расказвае Антось Цялежнікаў
— студэнт зь Беларусі, які вучыцца ў Польшчы.
У лістападзе пад будынак Сэйму прыйшло толькі некалькі дзясяткаў
асобаў. Гэта, паводле Яцка Кастэлянца, які дапамагаў арганізаваць
акцыі ў падтрымку «аранжавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне, сапраўды мала.
У лістападзе ён разам з калегамі ўдзельнічаў у мерапрыемстве з нагоды
адзначэньня 15-годзьдзя існаваньня нелегальнага Беларускага ліцэя.
Тады яны вырашылі дапамагчы беларусам і кожны 16-ы дзень месяца
праводзіць маніфэстацыі. Ці доўга гэта будзе працягвацца?
Учора Кастэлянец прасядзеў увесь дзень, тэлефануючы СМІ. Іншыя
займаліся расклейваньнем плякатаў у горадзе. У акцыю ўключыліся
таксама ўкраінцы, якія жывуць у Варшаве.
«Мы прыходзілі на дэманстрацыі ў падтрымку «аранжавай рэвалюцыі»,
цяпер украінцы прыйдуць на нашую «джынсавую» рэвалюцыю. У нас рэжым
больш жорсткі, чым быў ва Ўкраіне. Беларусы павінны ведаць, што
яны не адні. Трэба прыйсьці ў пятніцу і ўзяць з сабою сьвечкі,»
— запрашае Антось Цялежнікаў у размове з журналістам цэнтрысцкага
выданьня «Gazeta Wyborcza» .
У сваю чаргу прэстыжнае польскае выданьне «Rzeczpospolita» дадае,
што падчас дэманстрацыі яе ўдзельнікі намерваюцца перадаць прадстаўніком
Сэйму пэтыцыю, якая заклікае польскія ўлады да большага заангажаваньня
ў абарону свабоды слова й дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі.
«Ля Бэльвэдэру дэманстранты пройдуць да Амбасады Рэспублікі Беларусь
і перададуць зьмест пэтыцыі амбасадару. А 19-й гадзіне, як і ў Беларусі,
мы запалім сьвечкі салідарнасьці. Пазьней адбудзецца «ўкраінская
частка», прысьвечаная гадавіне «аранжавай рэвалюцыі», — паясьніла
Катажына Чапутовіч, суарганізатарка акцыі.
Пасьля заканчэньня дэманстрацыі ў студэнцкім «Клюбе Мэдыка» адбудзецца
бясплатны канцэрт гурту «Сцяна» — інфармуе прэстыжнае выданьне «Rzeczpospolita».
Хартия-97
|