|   Сын забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай Антон 
              Філімонаў Новы год сустракаў у камэры сьледчага ізалятара. 16-гадовага 
              Антона затрымалі 27 сьнежня супрацоўнікі Першамайскага ўпраўленьня 
              ўнутраных справаў. Яго падазраюць у вырабе і распаўсюдзе беларускіх 
              грашовых купюраў. Бабуля Антона Дыяна Чаркасава лічыць, што да ўнука 
              паставіліся вельмі жорстка, абраўшы мерай стрыманьня арышт. Яна 
              перадала яму харчы і навагоднюю перадачу. 
               
              Супраць Антона Філімонава і некалькіх яго знаёмых распачатая крымінальная 
              справа за падробку і распаўсюд грашовых знакаў. Антона Філімонава 
              разам зь яго знаёмым затрымалі на тралейбусным прыпынку ўвечары 
              27 сьнежня. Антон патлумачыў, што хлопцы спрачаліся, у каго лепшы 
              кампутар, і зрабілі кожны на сваім грашовыя купюры. У іх знайшлі 
              тры купюры па 10 000 рублёў, і чатыры — па 5 000. Адзін юнак, каб 
              праверыць якасьць, нават набыў у шапіку цыгарэты і каву, але яго 
              на гэтым схапілі. Трое сутак Антон правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, 
              а потым яго перавялі ў камэру сьледчага ізалятара.  
            Бабуля Антона Дыяна Чаркасава ўзгадала, як дзяўчынкай насіла туды 
              перадачы сваёй матулі. Бацькоў, якія былі ў партызанах, арыштавалі 
              пасьля вайны.  
            (Чаркасава: ) «Некаму спатрэбілася наша кватэра. Усіх забралі. 
              Нас з братам накіравалі да бабулі. Так і хадзілі ў 11-гадовым узросьце, 
              перадачы насілі на Валадарку. Потым іх выпусьцілі… Рэабілітавалі. 
              Папрасілі прабачэньня… А жыцьцё разбурылі, ды й сям’я распалася.» 
             
            Дыяна Чаркасава на Новы год перадала ўнуку шакалядку, мандарын 
              і кавалак сыру. Яна лічыць, што сьледчыя дабіліся арышту Антона, 
              бо баяліся, што ён зьедзе ў Маскву да свайго бацькі.  
            (Чаркасава: ) «Так, ён зрабіў глупства. Але ж гэта яшчэ дзіця. 
              Людзі ў 16 гадоў ня так разумеюць жыцьцё, і ня так да яго ставяцца, 
              як у 50. Разам зь ім было яшчэ чацьвёра хлопцаў, дык усіх адпусьцілі, 
              а яго арыштавалі. Можа, ўлады спалохаліся, што зноў у Маскву зьедзе 
              да бацькі. А ён ня можа жыць далёка ад Радзімы… На жаль!»  
            Антон паведаміў на допыце, што да яго прыходзілі ў камэру сьледчыя 
              ў справе забойства яго маці. Журналістку Вераніку Чаркасаву забілі 
              20 кастрычніка 2004 году ва ўласнай кватэры, калі яна зьбіралася 
              на працу. Антон і айчым Веранікі Ўладзімір Мялешка, якія першымі 
              ўвайшлі ў кватэру і самі выклікалі міліцыю, былі прызнаныя падазраванымі 
              ў забойстве. У чэрвені 2005 году зь іх зьнялі статус падазраваных, 
              а ў сьнежні справу спынілі.  
            (Чаркасава: ) «Мы размаўлялі зь нейкімі начальнікамі. Яны нам адказалі: «А гэта ня допыт. Гэта яны зь ім размовы праводзяць.» Канешне, калі 
              кажуць: «Ты ў нашых руках, і мы што захочам, то з табой і зробім!», 
              — дык гэта называецца размова?!»  
            Бабуля і дзед Антона непакояцца, што ў хлопчыка зноў будуць праблемы 
              са здароўем. Летась пасьля трагічнай сьмерці матулі і допытаў Антон 
              трапіў у псыхіятрычны шпіталь. Адтуль яго забраў бацька ў Маскву. 
              Як толькі з хлопчыка зьнялі падазрэньні, ён вярнуўся ў Менск да 
              бабулі. 
             
             
              «Радыё Свабода» 
                     |