З моманту зьнікненьня генэрала Захаранкі мінула
амаль 7 гадоў. Што ён жывы, верыць усё менш людзей. Сярод тых, хто
не пазбавіўся такой веры, найперш маці.
81-гадовая Ульяна Захаранка, якая жыве ў Васілевічах, сына згадвае
штодня:
(Ульяна Захаранка: ) «Я ўсё думаю, што ён дзесьці жывы. Усё я думаю,
што ён вось-вось да мяне вернецца. Толькі ня ведаю, я яго дачакаюся
ці не... Варажылі, што ён вернецца, але мяне ўжо не застане. Варожка
глянула на фотаздымак ды кажа, што вось гэты чалавек жывы. Але ў
яго столькі праблем, што ён бедны ня ведае, дзе душу падзеці. Але
хутка вернецца. Я гэтак і думаю. А дачка яго кожны тыдзень зь Нямеччыны
тэлефануе. Казала: мне так татка насьніўся...»
Жонка і дзьве дачкі Юры Захаранкі жывуць у Нямеччыне, дзе атрымалі
палітычны прытулак. Яны падтрымліваюць сувязь ня толькі з Ульянай
Захаранка, а й з паплечнікамі мужа й бацькі. У прыватнасьці, з актывістам
Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васілём Шлындзікавым, які сябраваў
з Захаранкам:
(Шлындзікаў: ) «Генэральскае званьне ён у адрозьненьне ад многіх
меў заслужана. Увесь яго характар, учынкі адпавядалі высокаму вайсковаму
званьню абаронцы. Ён быў сьціплы і вельмі надзейны. Захаранка быў
менавіта такім чалавекам».
У фільме Юры Хашчавацкага «Звычайны прэзыдэнт» Юры Захаранка патлумачыў,
чаму ён спыніў супрацоўніцтва зь цяперашняй уладай:
(Юры Захаранка: ) «Калі я даведаўся, што ўяўляе сабою Аляксандр
Рыгоравіч, я зразумеў, што сама форма яго і зьмест — гэта зусім
супрацьлеглыя паняцьці. Тая шчыраць, якая заўважаецца на экране,
яна не адпавядае ўнутранаму зьместу».
Нядаўна Васілевічы наведаў прэтэндэнт на прэзідэнта ад аб’яднанай
апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч, дзе сустрэўся са сваякамі і землякамі
зьніклага палітыка:
(Мілінкевіч: ) «Асабіста я ня быў знаёмы з Юры Захаранкам. Але
ведаю, што гэты чалавек карыстаўся вялікай павагай сярод супрацоўнікаў
МУС. Таму што чалавек быў прафэсіяналам. І акрамя таго, ён чалавек
быў вельмі мужны, таму што толькі адзінкі чыноўнікаў выступілі супраць
беззаконьня ў краіне».
У справе афіцыйнага расьсьледаваньня абставін зьнікненьня Юры Захаранкі
па-ранейшаму ніякага прагрэсу. Гаворыць праваабаронца Алег Волчак:
(Волчак: ) «Як заўжды, яно будзе падоўжвацца на тры месяцы. Мы
не бачым, што там рэальна праводзяцца нейкія сьледчыя дзеяньні і
хтосьці нешта рэальна шукае».
Юры Захаранка нарадзіўся 4 студзеня 1952 году ў мястэчку Васілевічы
на Гомельшчыне. У 1994 годзе зацьверджаны Вярхоўным Саветам на пасаду
міністра ўнутраных спраў Беларусі. Падтрымліваў тагачасны парлямэнт
у супрацьстаяньні Аляксандру Лукашэнку, У 1995 годзе кіраўнік краіны
накіраваў генэрала Захаранку ў адстаўку. Пасьля гэтага экс-міністар
стаў актыўна займацца палітыкай, браў удзел у апазыцыйных акцыях.
У 1998 годзе Юры Захаранка ўвайшоў у склад створанага дэмакратычнымі
сіламі Нацыянальнага выканаўчага камітэту. 7 траўня 1999 году ён
зьнік пры абставінах, якія дагэтуль застаюцца нявысьветленымі.
Дэмакратычная грамадзкасць у Беларусі штомесяц 16 дня адзначае
Дзень салідарнасьці са зьніклымі асобамі, з ахвярамі палітычных
рэпрэсіяў, з усімі тымі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю.
«Радыё Свабода»
|