Гэты парлямэнт лічыцца апошнім дэмакратычна абраным
у найноўшай гісторыі Беларусі. Сёньня, расказваючы пра сваё першае
паседжаньне, тагачасныя дэпутаты згадваюць, што тады яны нявесела
жартавалі: маўляў, пачынаем працу ў гадавіну «крывавай нядзелі»
— 9 студзеня 1905 году была расстраляная мірная дэманстрацыя рабочых
Санкт-Пецярбургу.
І празь дзесяць гадоў былы дэпутат Аляксандар Дабравольскі ўпэўнены,
што менавіта Вярхоўны Савет 13 скліканьня быў найбліжэй да ўзораў
клясычнай парлямэнцкай дэмакратыі:
(Дабравольскі: ) «Ён быў першым сапраўды цывілізаваным парлямэнтам,
таму што ў ім былі фракцыі і бальшыня дэпутатаў уваходзіла ў іх.
І можна было наладзіць нармальную працу ў фракцыях, і кансультацыі
паміж фракцыямі. Фракцыі вельмі істотна прапрацоўвалі кожны законапраект.
Цяпер жа, калі дэпутаты не арганізаваныя нармальна, гэта прыводзіць
да таго, што ніхто ні за што не нясе ніякай адказнасьці. Няма ніякіх
спрэчак — значыць, няма магчымасьцяў высьветліць дрэнныя бакі законапраектаў.
Гэта значыць, няма адваротнай сувязі, як і ва ўсёй нашай дзяржаве».
Па-рознаму склаўся лёс былых дэпутатаў. Старшыня Вярхоўнага Савету
Сямён Шарэцкі цяпер жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Ягоны першы
намесьнік Васіль Новікаў узначальвае Інстытут філязофіі ў Нацыянальнай
Акадэміі навук. Намесьнік Юры Малумаў працуе амбасадарам у Туркмэністане.
Людміла Гразнова, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, гаворыць,
што яна згадвае перадусім калег, якія ўжо пайшлі з жыцьця:
(Гразнова: ) «Гэта Генадзь Карпенка, намесьнік старшыні, вакол
якога ўсе гуртаваліся. Я не магу не згадаць Вікенція Казлоўскага,
які, на жаль, скончыў жыцьцё самагубствам. Яго давялі да гэтага,
ён ня мог знайсьці працы пасьля разгону Вярхоўнага Савету. Быў у
нас такі добры сумленны чалавек, як Фёдар Рускевіч... Пра гэтых
людзей мы, канечне, памятаем. Хто многім ахвяраваў пасьля разгону
Вярхоўнага Савету? Гэта Андрэй Клімаў, Уладзімер Кудзінаў, якія
адседзелі чатыры гады кожны ў вельмі складаных умовах у турме».
Спадарыня Гразнова канстатуе, што той парлямэнт ня змог усталяваць
дэмакратыі ў Беларусі. Але яна лічыць, што нельга перакрэсьліваць
і таго, што было зроблена:
(Гразнова: ) «Але ж той усплёск грамадзянскай актыўнасьці, які
сканцэнтраваўся ў Вярхоўным Савеце 13 скліканьня, сымбалізуе вельмі
спрытны і эфэктыўны крок да незалежнасьці і дэмакратыі, які зрабіла
Беларусь у той час. І, на жаль, дагэтуль мы да такой вышыні яшчэ
не дайшлі».
***
Нагадаем, што падчас падрыхтоўкі канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996
году фракцыі камуністаў і аграрыяў унесьлі ў бюлетэнь плебісцыту
свой праект Канстытуцыі, альтэрнатыўны прапанаванаму Аляксандрам
Лукашэнкам.
Напярэдадні галасаваньня было сабрана 70 падпісаў дэпутатаў пад
зваротам у Канстытуцыйны суд аб пачатку працэдуры імпічмэнту — адхіленьня
ад улады прэзыдэнта Лукашэнкі за шматлікія грубыя парушэньні закону.
Аднак тагачасны старшыня Канстытуцыйнага суду Валер Ціхіня адмовіўся
праводзіць пасяджэньне суду аб імпічмэнце.
Гэта стала вынікам перамоваў прэзыдэнцкага і парлямэнцкага бакоў
пры пасярэдніцтве расейскіх палітыкаў — прэм'ер-міністра Віктара
Чарнамырдзіна і старшыняў палатаў расейскага парлямэнту Генадзя
Селязьнёва і Ягора Строева.
Пасьля рэфэрэндуму 24 лістапада 1996 году прэзыдэнцкая адміністрацыя
сабрала дэпутатаў, якія падтрымлівалі прэзыдэнта. Яны, кіруючыся
вынікамі рэфэрэндуму, прынялі рашэньне аб спыненьні паўнамоцтваў
Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, зь ляяльных прэзыдэнту дэпутатаў
парлямэнту была сфармаваная новая ніжняя палата новага заканадаўчага
органа.
Міжнародная супольнасьць не прызнавала гэтую палату прадстаўнікоў,
сфармаваную шляхам сэлекцыі, за парлямэнт. Да 2000 году — канца
тэрміну паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня менавіта
ён быў прадстаўлены ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
Радыё Свабода
|