|   Свой дзень нараджэньня вядомы палітык сустрэне 
              ў менскай калёніі. Ён сьцьвярджае, што патрапіў туды за апазыцыйную 
              дзейнасьць. 
             Беларускі закон ня робіць ніякіх паслабленьняў рэжыму для вязьняў 
              у дзень іх нараджэньня. Ані падмацаваньня ў харчаваньні, ані вызваленьня 
              ад працы тым, хто заняты на нейкіх работах. Але часам прыемныя для 
              вязьня падзеі супадаюць з днём нараджэньня, і менавіта гэтага прыемнага 
              супадзеньня чакае сёньня Міхаіл Марыніч. Да яго на сустрэчу прыйдуць 
              сыны Ігар і Павал, а потым на доўгатэрміновае спатканьне застанецца 
              жонка Тацьцяна. Напярэдадні Ігар Марыніч распавёў мне, як яны зьбіраюцца 
              павіншаваць бацьку са сьвятам.  
            (Ігар Марыніч: ) «Туды ж ня кожны падарунак пранесьці можна. Хацелася 
              б яму сур’ёзную кнігу падараваць, але могуць не прапусьціць. Таму 
              мы ў разгубленасьці. Відаць, купім торцік. Для яго галоўнае, мяркую, 
              не матэрыяльныя нейкія падарункі, а магчымасьць пабачыцца, паразмаўляць. 
              Перададзім віншаваньні ад сваякоў і сяброў, пакажам фотаздымкі ўнукаў». 
             
            Міхаіл Марыніч другі раз будзе сьвяткаваць дзень нараджэньня за 
              кратамі: мінулым годам — у менскім сьледчым ізалятары, цяпер — у 
              калёніі на сталічнай вуліцы Кальварыйскай. Некалькі гадоў за гэтымі 
              ж сьценамі адсядзеў вядомы апазыцыянэр, былы дэпутат Андрэй Клімаў. 
              Цяпер спадар Клімаў адбывае «хімію» ў Крупках Менскай вобласьці, 
              але тэлефонную сувязь зь ім падтрымліваць магчыма. Я спытаў Андрэя 
              Клімава, як яму даводзілася адзначаць дзень нараджэньня ў калёніі 
              на Кальварыйскай.  
            (Клімаў: ) «З сябрамі шакалядку зьелі, гарбаты папілі, мне падарылі 
              паштоўку, вось і ўсё. А яшчэ на дзень нараджэньня ў турму мне жонка 
              перадавала курыцу фаршыраваную. Для Клімава прапускалі».  
            Андрэй Клімаў перадаў свае віншаваньні Міхаілу Марынічу з днём 
              нараджэньня і пажаданьні здароўя. А таксама — перамогі на выбарах 
              таго кандыдата, за якога прагаласаваў бы Міхаіл Марыніч, каб быў 
              на волі.  
            Паводле беларускіх законаў, асуджаныя ня маюць права ўдзелу ў выбарах, 
              пакуль зь іх ня зьнятае пакараньне. Два гады таму да арышту Міхаіл 
              Марыніч заяўляў пра свой удзел у прэзыдэнцкім маратоне 2006 году. 
              Ягоныя сыны кажуць, што сёньня падчас сустрэчы паспрабуюць высьветліць 
              меркаваньне бацькі пра ход перадвыбарчай кампаніі. 
               
             
            Алег Грузьдзіловіч 
              Радыё Свабода 
                     |