|   Дакладчык Камісіі правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных 
              нацый Адрыян Сэвэрын падчас двухдзённага знаходжаньня ў Брусэлі 
              сустрэўся з амбасадарамі ўсіх 25 краінаў Эўразьвязу, прадстаўнікамі 
              Рады Эўропы і Эўрапейскай камісіі, у тым ліку і адмысловым прадстаўніком 
              Хавіера Саляны ў правах чалавека Майклам Мацісэнам, а таксама прадстаўнікамі 
              шэрагу міжнародных арганізацыяў. У часе сустрэчаў была абмеркаваная 
              палітычная і грамадзкая сытуацыя ў Беларусі. 
             Большасьць гэтых спатканьня адбываліся без прысутнасьці журналістаў, 
              аднак завяршаючы сваё знаходжаньне ў Брусэлі Адрыян Сэвэрын заявіў, 
              што адна з галоўных мэтаў ягонага візыту дасягнутая — эўразьвязаўскія 
              чыноўнікі запэўнілі, што Эўрапейскі Зьвяз падтрымае рэзалюцыю ў 
              справе правоў чалавека ў Беларусі, якую рыхтуе спадар Сэвэрын.  
            Дэбаты ў ААН ў справе гэтай рэзалюцыі заплянаваныя на сакавік. 
             
            Між тым раней, у часе кароткага знаходжаньня ў Варшаве, Адрыян 
              Сэвэрын заявіў нашаму радыё, што хаця галоўная роля ў тым, каб у 
              Беларусі пачаліся дэмакратычныя перамены належыць самім беларусаў, 
              міжнародная супольнасьць, аднак, павінна падтрымліваць беларускае 
              грамадзтва.  
            (Сэвэрын: ) «Міжнародная дэмакратычная супольнасьць павінна працаваць 
              больш актыўна і салідарна, каб мець у гэтай справе адну агульную 
              для ўсіх пазыцыю. І гэта робіцца — мы не спыніліся». 
             
             
              Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода  
                     |