Сёньня чацьвёрты раз адбылася акцыя салідарнасьці
зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў. Нагадаем, арганізатары акцыі
заклікаюць грамадзянаў 16-га чысла кожнага месяца а 8-й вечара выключаць
сьвятло і запальваць на вокнах сьвечкі. Некалькі дзесяткаў сяброў
моладзевых незарэгістраваных арганізацый правялі акцыю пратэсту
ў цэнтры Менску. Яны былі апранутыя ў джынсавую вопратку і раздавалі
мінакам джынсавыя стужкі. Джынс маладыя беларускія актывісты абралі
сымбалем пераменаў. Супрацоўнікі міліцыі не разганялі акцыю, але
затрымалі двух актывістаў руху «Зубр».
У дзяжурнай частцы міліцыі Цэнтральнага раёну знаходзяцца актывісты
моладзевага руху «Зубр» Натальля Ўшко і Аляксей Ляўковіч. Іх затрымалі
пасьля таго, як моладзь пачала разыходзіцца.
А 18-й гадзіне вечара больш за сотню маладых людзей сабраліся на
праспэкце Францішка Скарыны ля ГУМу. Сярод іх былі прадстаўнікі
розных незарэгістраваных моладзевых арганізацый. Яны былі апранутыя
ў джынсы. Апроч таго, на іх вопратцы былі замацаваныя джынсавыя
стужкі. На елку, якая стаяла ля ганку ГУМу юнакі павесілі сьцяжкі
з джынсавай тканіны з лягатыпам акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых
і палітвязьняў.
Прэсавы сакратар руху «Зубр» Аляксандр Атрошчанкаў паведаміў «Свабодзе»,
што моладзевая акцыя ёсьць яшчэ адным сродкам данясеньня інфармацыі
да грамадзкасьці:
(Атрошчканкаў: ) «У нашых умовах моладзь ды іншыя мусяць шукаць
новыя мэтады. Як мы бачым, гэта вельмі эфэктыўна. Шмат хто зь людзей
бярэ джынсавыя стужкі зараз і нават замацоўваюць іх на вопратцы.
Джынсавы колер — колер супраціву. Джынсы заўсёды апраналі свабодныя
людзі. Сёньня гэта яшчэ й пратэст студэнтаў супраць гвалтоўнага
збору подпісаў за Лукашэнку».
Большасьць удзельнікаў акцыі студэнты. Хлопцы раздавалі мінакам
джынсавыя стужкі.
(Вінярскі: ) «У нас адзіная магчымасьць выказаць свой пратэст —
гэта выйсьці з джынсавымі стужкамі ў джынсавым адзеньні. Трэба паказаць,
што мы думаем, пакаць што ГЭТА пачалося і гэта не спыніць. Салідарнасьць
падыме наш народ. Людзі павінны пазбавіцца страху.»
Людзі, якія чакалі грамадзкага транспарту на прыпынку насупраць
ГУМу, падыходзілі да ўдзельнікаў акцыі і запытвалі што адбываецца.
Ім распавядалі пра акцыю салідарнасьці. Апроч таго, студэнты выказваліся
супраць прымусовага збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.
Супрацоўнікі міліцыі, спэцназу і іншых структураў назіралі за натоўпам,
але не разганялі моладзь.
Напрыканцы акцыі да елкі падышлі супрацоўнікі камунальных службаў
і пачалі здымаць джынсавыя сьцяжкі. Пачуўшы шмат жартаў з боку моладзі,
яны забралі шуфлі са сьмецьцем і адышлі. Да падземнага пераходу
пад’ехала міліцэйская машына, але студэнты ўжо разыходзіліся. Актывістаў
моладзевага руху «Зубр» Аляксея Ляўковіча і Натальлю Ўшко затрымалі
ў мэтро на станцыі «Кастрычніцкая». Аляксей Ляўковіч і Натальля
Ўшко не аднойчы адбывалі арышт у камэры спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка
на вуліцы Акрэсьціна за ўдзел у несанкцыянавах мерапрыемствах. Іх
адвезьлі ў Цэнтральны РУУС.
Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што гэтым разам складуць пратакол
паводле 143 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу (самавольнае вывешваньне
бялізны і іншых прадметаў на балконах і фасадах дамоў, якія парушаюць
архітэктурны ансамбаль будынку). Актывістаў «Зубру» пасьля гэтага
адпусьцілі. Адміністрацыйны пратакол будзе разглядаць камісія ў
райвыканкаме.
Радыё Свабода |