У параўнаньні з тым, што было месяц таму, 
                      сёньня акцыі пройдуць у большай колькасьці польскіх гарадоў, 
                      а таксама і ў іншых эўрапейскіх краінах. 
                     Мінулым разам акцыі салідарнасьці зь Беларусьсью адбыліся 
                      ў 9 польскіх гарадах — толькі ў Варшаве ў мітынгу ўзялі 
                      ўдзел каля трохсот чалавек.  
                    Гэтым разам, паводле аднаго зь лідэраў Зьвязу на карысьць 
                      дэмакратыі ў Беларусі Антося Цялежнікава, да акцыі далучаюцца 
                      яшчэ больш польскіх гарадоў.  
                    (Цялежнікаў: ) «Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю пашыраецца 
                      на чарговыя гарады. Гэтым разам 12 гарадоў возьмуць у ёй 
                      удзел, а можа і больш. Спадзяюся таксама, што людзей будзе 
                      больш».  
                    Паводле спадара Цялежнікава, цяперашнія акцыі ў Польшчы 
                      ў падтрымку дэмакратычных пераменаў у Беларусі значна мацнейшыя 
                      і больш масавыя, чым тыя, што год таму адбываліся ў падтрымку 
                      аранжавай рэвалюцыі ва Украіне. З кожным разам узрастае 
                      і цікаўнасьць палякаў да гэтых акцыяў.  
                    (Цялежнікаў: ) «Сэнс у гэтых акцыях ёсьць. Гэта паказвае 
                      гісторыя — хаця б прыклад той жа Украіны. Хаця, варта адзначыць, 
                      беларускія акцыі ахопліваюць больш гарадоў і людзей».  
                    Пётр Навіна-Канопка з варшаўскай фундацыі імя Шумана, які 
                      ў камуністычныя часы быў прэсавым сакратаром «Салідарнасьці», 
                      таксама лічыць, што акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю патрэбныя 
                      — гэтым разам у іх возьме ўдзел і ягоны фонд.  
                    (Навіна-Канопка: ) «Трэба падтрымаць беларусаў, каб яны 
                      не адчувалі сябе самотнымі. Там цяпер створаны выразны апазыцыйны 
                      фронт супраць Лукашэнкі. Ёсьць спроба стварэньня альтэрнатывы, 
                      і трэба дапамагчы, каб беларусы не адчувалі, што іх у змаганьні 
                      супраць рэжыму пакінулі сам-насам».  
                    Акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю заплянаваныя сёньня таксама 
                      і ў іншых эўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Бэльгіі і Швэцыі. 
                       
                       
                       
                      Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода  
                     |