|   Акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю — дэманстрацыі, 
              мітынгі і пікеты — прайшлі 16 студзеня ў больш як дзясятку польскіх 
              гарадоў і ў некаторых заходнеэўрапейскіх сталіцах. Самая масавая 
              зь іх адбылася ў Варшаве. 
             У Варшаве больш за 300 чалавек — палякаў, беларусаў, украінцаў 
              — прыйшлі да будынку прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі і Эўрапейскага 
              парлямэнту ў Польшчы, каб патрабаваць ад уладаў Эўразьвязу накіраваць 
              сваіх назіральнікаў у Беларусь на сакавіцкія выбары. Прадстаўнікі 
              гэтых органаў запэўнілі прысутных, што пэтыцыі будуць перададзеныя 
              ў Брусэль яшчэ ў панядзелак.  
            Потым удзельнікі акцыі зь дзясяткамі бел-чырвона-белых сьцягоў, 
              скандуючы «Салідарнасьць зь Беларусьсю!». «Кіеў, Менск, Варшава 
              — супольная права!» прайшлі праз цэнтральныя вуліцы польскай сталіцы 
              да прэзыдэнцкага палацу.  
            Там прадстаўнікам канцылярыі прэзыдэнта была перададзеная пэтыцыя 
              з заклікам да Леха Качыньскага пераканаць кіраўнікоў іншых дзяржаваў 
              Эўразьвязу, каб тыя накіравалі ў Беларусь як мага больш назіральнікаў. 
             
            (Удзельнік акцыі: ) «Я лічу, што мы павінны падтрымліваць беларусаў. 
              Год таму я прыходзіў на дэманстрацыі падтрымкі для украінцаў і нешта 
              зьмянілася. Хаця сёньня меў свае справы, але адкінуў усё і вырашыў, 
              што нельга не прыйсьці».  
            Потым прысутныя запалілі белыя і чырвоныя сьвечкі каля помніка 
              Адаму Міцкевічу ў Варшаве.  
            ***  
            Тым часам у Беластоку сябры шэрагу недзяржаўных арганізацыяў на 
              ініцыятыву фундацыі імя Робэрта Шумана выпусьцілі ў паветра тысячы 
              шарыкаў, да якіх прымацаваныя лісты да беларусаў на польскай і беларускай 
              мове, у якіх выказваецца падтрымка для дэмакратычных пераменаў у 
              Беларусі.  
            (Грундстэйнэ: ) «Мы ведаем што 16-га ў Беларусі людзі ставяць сьвечкі 
              ў вокнах і таму хочам, каб гэтыя шарыкі занесьлі і нашую падтрымку 
              беларусам», — кажа Іева Грундстэйнэ — каардынатарка беластоцкай 
              акцыі.  
            ***  
            Пікеты і дэманстрацыі прайшлі сёньня ў больш чым дзесяці польскіх 
              гарадах, а таксама ў некалькіх заходнеэўрапейскіх сталіцах — напрыклад, 
              у Стакгольме адбыліся адразу дзьве акцыі. Адтуль гаворыць журналіст 
              Тобіяс Люнгваль.  
            (Люнгваль: ) «У часе акцыі выступіў шэраг людзей, у тым ліку і 
              прадстаўнікі ўраду — адзін зь міністраў. Прыйшлі некалькі дзесяткаў 
              чалавек. Цікава, што сярод арганізатараў акцыі — усе палітычныя 
              партыі, што прадстаўленыя ў швэдзкім парлямэнце».  
            Тым часам у Антвэрпэне да дня салідарнасьці было прымеркаванае 
              ўрачыстае набажэнства ў тамтэйшай грэка-каталіцкай царкве 
               
               
              Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода  
                     |