Сябры моладзевых незарэгістраваных арганізацый
шукаюць новыя тэхналёгіі давядзеньня інфармацыі да грамадзкасьці.
Учора а 6 вечара больш за сотню маладых людзей, апранутых
у джынсавую вопратку, правялі акцыю пратэсту ў цэнтры беларускай
сталіцы. Яны раздавалі мінакам джынсавыя стужкі. На елку
ля ганку ГУМу яны вывесілі джынсавыя сьцяжкі з лягатыпам
акцыі салідарнасьці, якая праводзіцца 16 чысла кожнага месяцу.
Калі моладзь разыходзілася, супрацоўнікі міліцыі затрымалі
двух актывістаў незарэгістраванага моладзевага руху «Зубр».
Большасьць удзельнікаў акцыі складалі студэнты. Яны тлумачылі,
што абралі джынс сымбалем пераменаў. Акцыя, якую правялі
на праспэкце, была яшчэ й акцыяй пратэсту супраць прымусовага
збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Адна актывістка
руху «Зубр» патлумачыла гэта «Свабодзе»:
(Кацярына:) «Моладзь абурана тым, што яе прымушаюць падпісвацца
за Лукашэнку. Зразумела, што гэта выклікае пратэст. Менавіта
моладзь павядзе за сабой грамадзтва.»
Журналісты адзначылі, што, нягледзячы на тое, што вакол
натоўпу было шмат міліцыянтаў, моладзь трымалася даволі
спакойна. Мінакі таксама падыходзілі да студэнтаў і з задавальненьнем
бралі джынсавыя стужкі, размаўлялі з удзельнікамі акцыі.
У той момант, калі пад’ехала міліцэйская машына, адзін малады
чалавек спакойна працягваў размаўляць са мной
(Зьміцер:) «Моладзі трэба зьбірацца, выказваць сваю салідарнасьць.
Трэба памятаць сваіх герояў — Завадзкага, Ганчара, Захаранку,
Красоўскага, а таксама падтрымаць сем’і палітвязьняў, якія
цяпер у турме і на «хіміі». Страх сыходзіць. Ня трэба баяцца.
Усё будзе добра. Прыйдзе новы дзень.»
Аляксея Ляўковіча і Натальлю Ўшко затрымалі пасьля заканчэньня
акцыі. Нехта замацаваў джынсавыя стужкі на будынку КГБ і
сябры Натальлі і Аляксея непакоіліся, што іх абвінавацяць
у хуліганстве. Упершыню пасьля затрыманьня за ўдзел у вулічнай
акцыі людзей абвінавацілі ў тым, што яны сваімі дзеяньнямі
парушылі архітэктурны ансамбаль будынка. За гэта могуць
пакараць штрафам.
Намесьнік старшыні Маладога Фронту Сяржук Лісічонак распавёў,
што моладзевыя арганізацыі рыхтуюцца да вулічных акцыяў.
Яны зараз занятыя пошукам новых тэхналёгій, накіраваных
на зьнішчэньне страху.
(Лісічонак:) «У такі час, калі папросту цяжка выяўляць
сваю грамадзянскую пазыцыю, прыходзіцца шукаць новыя формы.
Гэта і флэш-мобы, і пэрформансы, прыкольныя, сьмешныя —
любыя акцыі, якія адыходзяць ад фармату простай вулічнай
дэманстрацыі. Сакрэт перамогі над страхам заўсёды быў адзіны
— гэта сьмех і добры гумар. І мы гэтым скарыстаемся.»
Любоў Лунёва
Радыё Свабода
|