|   У Вільні акцыя салідарнасьці зь сем`ямі зьніклых 
              і палітвязняў адбылася у трэці раз. На гарадзкую імпрэзу «Дзень 
              беларуска-літоўскай салідарнасьці» сабралася больш за сотню чалавек, 
              паведамляе «Радыё Свабода». 
            Віленская імпрэза да Дню салідарнасьці сабрала поўную залю людзей 
              розных нацыянальнасьцяў, пераважна беларусаў і літоўцаў, — больш 
              за сотню чалавек. Акцыя ладзілася у будынку Дому настаўнікаў на 
              вуліцы Віленскай, гэта месца памятнае беларусам ранейшымі урачыстымі 
              акадэміямі да Дню Волі.  
            Адбыўся імправізаваны мітынг на дзьвюх мовах, у якім бралі удзел 
              і прадстаўнікі беларусаў, і літоўскія палітыкі. Адзін з выступоўцаў, 
              дэпутат парлямэнту Ёнас Чэкуоліс, прамовіў ня толькі па-літоўску, 
              але і па-беларуску. У залі побач з літоўскім быў разгорнуты бел-чырвоны-белы 
              сьцяг.  
            Акцыю зладзіла моладзевая арганізацыя «Аб`яднаны цэнтар беларускіх 
              ініцыятываў», да якіх далучыліся беларускія і літоўскія студэнты, 
              прадстаўнікі розных беларускіх суполак. Паводле арганізатараў, акцыя 
              скіраваная да шырокай грамадзкасьці. У распаўсюджаным загадзя паведамленьні, 
              якое падалі многія інфармацыйныя агенцтвы і інтэрнэт-сайты у Літве, 
              арганізатары заклікалі: «Лёзунг «За нашу і вашу волю!» дасюль актуальны, 
              парасткам беларускай свабоды патрэбная ваша падтрымка!»  
            У часе акцыі упершыню у Літве адбыўся паказ мастацкага фільму Аляксандра 
              Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі», забароненага у Беларусі, а таксама 
              былі прадстаўленыя слайды пра Беларусь, і рэтраспэктыва здымкаў 
              Руселіка з ранейшых віленскіх акцыяў да Дню салідарнасьці. А восьмай 
              гадзіне на 15 хвілінаў былі запаленыя белыя і чырвоныя сьвечкі. 
             
            Акцыя была адметная увагай разнастайных сродкаў масавай інфармацыі 
              Літвы, як на літоўскай, так і на іншых мовах, — беларускай, польскай, 
              расейскай. Гэта трэцяя акцыя беларуска-літоўскай салідарнасьці. 
              Два месяцы таму упершыню адбыўся шлях салідарнасьці па усім значным 
              для беларусаў мясьцінам Вільні, дзе запальваліся сьвечкі, і а восьмай 
              гадзіне вечара 16 сьвечак былі запаленыя перад брамай амбасады РБ 
              у Літве. 16 сьнежня летась акцыя салідарнасьці адбылася ля Вострай 
              брамы, там жа былі запаленыя сьвечы, а ва уніяцкай царкве Трох віленскіх 
              пакутнікаў у Базыльянах адбылася літургія па-беларуску і малебен 
              за Беларусь. 
             
            Хартия-97  |