|   Правабарончая арганізыцыя «Human Rights Watch» 
              апублікавала штогадовую справаздачу аб сытуацыі ў галіне правоў 
              чалавека ў 70-ці краінах сьвету за 2005 год. У абшырным дакумэнце, 
              які налічвае больш як 500 старонак, адзначаецца, што за мінулы год 
              сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася. 
             
              У дакумэнце пералічаныя найбольш яркія і гучныя выпадкі перасьледу 
              апазыцыйных дзеячоў, недзяржаўных арганізацыяў і незалежных мэдыяў. 
              Для тых, хто рэгулярна слухае «Свабоду», гэта вядомыя 
              факты. Згадваецца пра зьняволеньне Міхаіла Марыніча, Сяргея Скрабца, 
              Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца і Андрэя Клімава.  
            Сярод іншага таксама згадваюцца наступныя факты:  
            – пад ціскам з боку ўладаў былі вымушаныя спыніць альбо абмежаваць 
              сваю дзейнасьць праваабарончыя арганізацыі — у прыватнасьці, Беларускі 
              Хэльсынскі камітэт;  
            – у красавіку летась быў закрыты Інстытут сацыяльных, эканамічных 
              і палітычных дасьледаваньняў;  
            – у сакавіку нібыта за паклёп на прэзыдэнта былі пакараныя штрафамі 
              рэдактары газэты «Згода»;  
            – у верасьні быў спынены распаўсюд газэты «Народная Воля», якая 
              акрамя таго павінна была заплаціць 50 тысяч даляраў штрафу нібыта 
              за паклёп на аднаго з палітыкаў;  
            – у кастрычніку быў забіты журналіст Васіль Гроднікаў, які пісаў 
              палітычныя артыкулы для «Народнай Волі»;  
            – амаль увесь мінулы год працягваўся перасьлед Саюзу палякаў Беларусі. 
              Улады не прызналі абранае ў сакавіку кіраўніцтва Саюзу на чале з 
              Анжалікай Борыс і арганізавалі выбары новага кіраўніцтва;  
            – у мінулым годзе беларускія ўлады выслалі некалькі замежных дыпляматаў 
              і забаранілі ўезд у Беларусь дакладчыка камісіі правоў чалавека 
              ААН Адрыяна Сэвэрына.  
            У справаздачы зазначаецца, што пасьля дэмакратычных зьменаў у Грузіі, 
              ва Ўкраіне і ў Кіргыстане беларускія ўлады робяць ўсё магчымае, 
              каб не дапусьціць чарговай каляровай рэвалюцыі падчас прэзыдэнцкіх 
              выбараў.  
            У справаздачы таксама шмат крытычных заўвагаў на адрас шэрагу краінаў: 
              Паўночнай Карэі, Кітаю, Узбэкістану і Саудаўскай Арабіі. Блізкая 
              да Беларусі Расея пад кіраўніцтвам Пуціна, паводле «Human Rights 
              Watch», імкліва ператвараецца ў аўтарытарную дзяржаву. У справаздачы 
              рэзка асуджаюцца таксама Злучаныя Штаты за негуманнае абыходжаньне 
              з затрыманымі па абвінавачаньні ў тэрарызьме, у прыватнасьці на 
              вайсковай базе Гуантанама. «Human Rights Watch» сьцьвярджае, 
              што ў рамках барацьбы з тэрарызмам Захад усё часьцей скарыстоўвае 
              недапушчальныя мэтады і ў сэнсе правоў чалавека дае астатняму сьвету 
              не найлепшы прыклад. 
               
               
               Кастусь Бандарук 
              Радыё Свабода  
                     |