У Страсбуры пачынаецца сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы
23 января 2006

Сёньня ў Страсбуры пачынае працу зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. На ёй будзе разглядацца сытуацыя ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Тэрміновыя дэбаты ў гэтым пытаньні прызначаныя на 26 студзеня. На дэбаты запрошаныя старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў і лідэр апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

Паводле намесьніка старшыні камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргея Касьцяна, перамовы па тэлефоне што да ўдзелу ў дэбатах афіцыйнай беларускай дэлегацыі вяліся паміж Уладзімерам Канаплёвым і кіраўніком аднаго з камітэтаў Парлямэнцкай асамблеі. Пасьля гэтага прыйшло афіцыйнае запрашэньне. Дакумэнты на камандзіроўку падпісваў Сяргей Касьцян, і ён цьвердзіць, што, акрамя спадара Канаплёва, у склад афіцыйнай дэлегацыі ўключаныя яшчэ два чалавекі. Афіцыйная дэлегацыя мае прыбыць у Страсбур сёньня. Сяргей Касьцян тлумачыць пазыцыю афіцыйнага Менску адносна Рады Эўропы:

(Касьцян: ) «Мы супраць умяшаньня ў нашыя ўнутраныя справы. Хто б гэта ні быў, якія б гэта ні былі аўтарытэты. І мы не зьбіраемся ні перад кім кланяцца і ні ў кога прасіцца. Хочуць з намі працаваць — мы згодныя. Ня хочуць — ня трэба».

Дакладчык у беларускай праблематыцы Азім Малазадэ зьдзіўлены запрашэньнем беларускай афіцыйнай дэлегацыі на чале са спадаром Канаплёвым на Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы:

(Малазадэ: ) «Існуе рашэньне Рады Эўропы, існуюць рэзалюцыі 2004 і 2005 гадоў у справе зьніклых палітыкаў, сытуацыі з мэдыямі. Там прыняты канкрэтныя пункты, якія абмяжоўваюць магчымасьці непрызнанага парлямэнту Беларусі супрацоўнічаць з Радай Эўропы».

На сэсіі будзе прадстаўлены спэцдаклад аб сытуацыі ў Беларусі Азіма Малазадэ. У камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў ня ведаюць, ці будзе мець слова ў Страсбуры Ўладзімер Канаплёў. А вось Аляксандар Мілінкевіч рыхтуецца да выступу. Паводле спадара Малазадэ, эўрапейцы хочуць пазнаёміцца зь лідэрам беларускай апазыцыі. Як ставіцца спадар Міінкевіч да плянаванай дыскусіі ў Страсбуры?

(Мілінкевіч: ) «Гэта вельмі важна, што беларускае пытаньне разглядаецца рознымі структурамі Эўропы. Мы абавязкова будзем там выступаць, расказваць аб дзеяньнях кааліцыі, аб падрыхтоўцы да выбараў. Аб тым, што ўжо сёньня выбары нельга лічыць ні празрыстымі, ні роўнымі. Але мы ўдзельнічаем у іх, таму што для нас гэта адзіны шанц кантактаваць з народам, дыскутаваць, несьці інфармацыю і правесьці шырокую палітычную кампанію. Пытаньне Беларусі, я думаю, зразумелае для ўсіх. Большасьць краінаў Эўропы ставіць менавіта на дэмакратычныя сілы і выдатна разумее, што зь сёньняшнім рэжымам беспэрспэктыўна супрацоўнічаць. На гэта было патрачана столькі часу, і вынікаў ніякіх».


Алесь Дашчынскі
Радыё Свабода